Адзін беларускі чыноўнік каштуе 3-х колішніх польскіх
Міжваенная Польшча, альбо «Другая Рэч Паспалітая», як вядома, была краінай кантрастаў: нехта мог ня мець нічога і пражыць жыццё ў халупе, нехта ж атрымліваў адукацыю, прафесію і, як вынік, прыватны дом з фруктовым садам. Поўнасцю рабіць параўнаўчы аналіз жыцця ў Гродне ў міжваенны перыяд і сёння – справа гісторыкаў, мы ж абмяжуемся аглядам жытла бюджэтнікаў «за Польшчай» і зараз.
У 1920-30-х гг. у горадзе ствараліся кварталы прафесійнага жытла – «калоніі» – для чыноўнікаў, настаўнікаў, вайскоўцаў і г.д.
”За Польшчай” тут жыў інжынер, ”за саветамі” зрабілі дзіцячы садок (вул. Астроўскага)
Напрыклад, кожная настаўніцкая сям’я атрымлівала драўляны дзвухпавярховы асабняк у раёне сучасных вуліц Чкалава і Асіпенкі.
Стандартны дом на адну настаўніцкую сям’ю па цяперашняй вул. Чкалава
Дом афіцэра Ружэвіча па вул Рэйманта
Дом лекара Беклямішава ў 1940-х (вул. Астроўскага), знесены ў гэтым годзе
Ці могуць аб гэтым марыць сённяшнія беларускія настаўнікі? Роўна як і лекары, інжынеры, вайскоўцы…
Цікава, што пераемнасць у наш час атрымала толькі ”Kolonia urządnicza”, т.б. чынавенская: і рэзідэнцыя былога губернатара Саўчанкі, і сучаснага старшыні аблвыканкаму Шапіры знаходзяцца акурат у раёне вуліцы Свердлава.
Дом ў польскім квартале чыноўнікаў (р-н вул. Свердлава)
Праект яшчэ недабудаванай рэзідэнцыі старшыні аблвыканкаму ўражвае: палац побач з гаражамі, месца для барбекю, басейн, будынак для аховы пад пільным наглядам відэакамераў…
align=”” >
Да губернатарскага палаца, аточанага відэакамерамі так проста не падыйдзеш
Сімвалічна, што асновай для губернатарскай рэзідэнцыі сталі ажно тры (!) і без таго немалыя асабнякі колішніх польскіх чыноўнікаў, перабудаваныя ў адзіны комплекс.
”За Польшчай” Гродна не быў ваяводскім (абласным) горадам, таму знайсці дакладнае параўнанне для рэзідэнцыі Сямёна Барысавіча Шапіры цяжка. Бліжэйшым ваяводскім горадам быў Навагрудак, але і там гісторыя нічога падобнага не захавала. На аналагічны палац у 1930-х мог разлічваць хіба патомны шляхціц, але ніяк не дзяржаўны чыноўнік.
Высновы напрошваюцца самі сабой: бюджэтнікі ў Гродне ХХІ ст. пераважна займаюць ужо не асабнякі, а ўсяго толькі ”утульныя” хрушчоўкі на ўскраінах.
Савецкі пяціпавярховік – звычайнае жытло для многіх гарадзенцаў
Чыноўнікі ж, асабліва высокага рангу, не саступаюць, а шмат у чым і пераўзыходзяць сваіх калегаў часоў маршалка Пілсудскага.