Замежнікі і беларусы згулялі ў футбол дзеля сяброўства

| Без катэгорыі

Таму адпачынак пераўтвараецца ў шпацыр па незнаёмых вуліцах з незразумелымi назвамi. Цiкава, што сярод такіх блукаючых падарожнікаў значную частку складаюць замежныя студэнты, якiя жывуць тут нават не адзiн год. На Беларусь іх зазываюць нізкім коштам за навучанне, спакойным і талерантным асяроддзем. Але, часцей за ўсё, прыехаўшы, яны застаюцца сам-насам са сваімі праблемамі: даволi цяжка зламаць моўны бар’ер і знайсці сяброў.

 

Каб дапамагчы пазнаёміцца беларусам і замежнікам, якія тут жывуць зараз, 11 жніўня у Мінску прайшоў міжкультурны футбольны турнір.

Удзельнічалі ў турніры хлопцы і дзяўчаты з Беларусі, Расеі, Турцыі, Тунісу, Венесуэлы, Чэхіі, Шры-Ланкі, Нігерыі, Канады, Швецыі і Літвы.

 

Напружаныя спаборніцтвы сабралі вялікую колькасць заўзятараў, якія не стрымлівалі эмоцый.

 

 

На працягу апошніх трох гадоў мы рэалізуем праект “Культкафэ”.

Сустракаемся з прадстаўнікамі нацыянальных i культурных меншасцей, якія жывуць на Беларусі.

Пазнаёмiўшыся з iмi, мы разумеем, што беларусы не такія талерантныя і адкрытыя, якiмi мы сябе заўсёды  ўяўляем.

Сёння на Беларусі пражывае каля ста нацыянальнасцей, але ў паўсядзённым жыцці мы іх амаль не бачым.

Гэта кажа пра тое, што яны дрэнна інтэграваны ў наша грамадства. Зараз, дзякуючы нашаму валанцёру з Турцыі, пашчасціла рэалізаваць яшчэ адну міжкультурную задумку і правесці футбольны турнір.

З аднаго боку прыемна, што мерапрыемства зацікавіла вялікую колькасць замежнікаў. З другога, мы бачым, што інтэграцыйныя праблемы у нас не вырашаныя,

каментуе адна з арганізатарак міжкультурнага футбольнага турніра Вольга Бельская (на здымку), намесніца старшыні Беларускага моладзевага грамадскага аб’яднання “Новыя твары”.

  

Разынкай турніра стала тое, што арганізатары зміксавалі ўдзельнікаў такім чынам, што ў кожнай камандзе гулялі прадстаўнікі розных нацыянальнасцей.

 

Ініцыятарам гэтага свята выступіў валанцёр “Новых твараў” з Турцыі – Гюркан Чапкын (на здымку).

 

Ён з вялікім задавальненнем прыняў удзел у спаборніцтвах у якасці суддзі, а потым наогул вырашыў згуляць.

 

І не проста згуляў дзеля забавы, а паказаў свае прафесійныя здольнасці і дайшоў да фінала.

 

–  Спорт – гэта адзін з найлепшых спосабаў пазнаёміцца прадстаўнікам розных культур.  Сёння на беларускім футбольным полі мы бачым моладзь з розных краін свету.


Прыемна, што наша мерапрыемства не засталося паза іх увагай, — дзеліцца ўражаннямі Гюркан.

 

Паўдзельнічаць і паназіраць за турнірам прыйшло 50 чалавек. З іх больш за палову іншаземцаў.

–  Мне вельмі даспадобы гэты міжнацыянальны турнір, асабліва сама ідэя, — расказвае Павел Данэк з Чэхіі (на здымку вышэй).

У Чэхіі мы таксама працуем са студэнтамі з замежжа, але такіх турніраў ніколі не праводзілі. У асноўным мы паказваем ім кінастужкі пра Чэхію, сустракаемся і абмяркоўваем іх праблемы, дапамагаем адаптавацца.

 

Даніэль Пол, Нiгерыя:

 

“Гэта выдатная падзея, нам вельмі спадабалася, мы радыя, што змаглі прыняць у ёй удзел. Хочам выказаць падзяку арганізатарам, а таксама нашаму ўніверсітэту. Тут мы пазнаёміліся з новымі людзьмі падчас матчу, пасябравалі. Мы шчаслівыя, што знаходзімся тут, і мы вельмі любім Беларусь.”


Бiшот Гаян (на здымку ніжэй), Шры-Ланка:

“Я думаю, што гэта вельмі карысна, бо часамі мы адчуваем сябе тут даволі самотна. Нам не так лёгка сысціся з людзьмі, якія не гавораць па-ангельску, а руская мова для нас вельмі складаная. Таму гэта добрая магчымасць для іншаземцаў пазнаёміцца з новымі людзьмі. Гэта прыносіць шмат пазітыву.”

 

У турніры перамагла не проста міжнацыянальная каманда, але і  гендэрна нязвыклая для нашага кансерватыўнага грамадства. У яе складзе былі хлопцы з Канады, Нігерыі, Туніса і дзяўчына з Беларусі.

Арганізатары ўзнагародзілі пераможцаў музычнымі дыскамі з песнямi на мовах 15-цi краiн свету.

 

Дыялог культур адбываўся не толькі праз гульню, але і праз стравы нацыянальнай кухні. Менавіта імі частаваліся ўдзельнікі мерапрыемства пасля гарачай гульні. 

 

Асаблівае захапленне вызвала мяса па-нігерыйску і беларускія дранікі.