«Маленькая перамоганосная вайна»

Глядзіце самі: шведскае пасольства спыніла працу, пасол высланы, двое нашых хлопцаў толькі што выйшлі з СІЗА і чакаюць суда, старшыня Дзяржпагранкамітэта і камандуючы войскамі СПА вызваленыя ад пасадаў, міністр абароны папярэджаны. Сілавікі «на вушах», апазіцыя тым болей, ЕС у чарговы раз ня ведае, як адрэагаваць…

 

Усё гэта сведчыць аб тым, што мэта дасягнутая – краіна зноўку ў напрузе. Мэта «халодных» і «гарачых» войнаў пры любым рэжыме – трымаць насельніцтва ў напрузе, у мабілізаваным стане. А ўжо пад гэтую справу можна і кадравыя перастаноўкі рабіць…

 

Так, рэжым часам шакуе: добры ды інтэлігентны Эрыксан аказаўся агентам, які хадзіў на чале «пятай калоны», адмыслова перад гэтым «вывучыўшы беларускую мову». Але ці не шакуем мы саміх сябе тым, што гатовыя да ўсяго, гатовыя сцярпець любую бязглудзіцу, абмежаваўшыся каментаром у фэйсбуку ці кантакце (пры індывідуальных сустрэчах ды на кухнях людзі ўжо палітыку не абмяркоўваюць – фэйсбук ёсць)?

 

Каб у дзіцячых садках ды пачатковай школе забаранілі творы Астрыд Ліндгрэн альбо гістарычных рэкантруктараў скандынаўскага напрамку пачалі б «пакаваць» у аўтазакі на рыцарскіх фэстах – ніхто б з нас, па шчырасці, б не здзівіўся. Гэта адбілася б у нашых фрэнд-стужках, але не ў рэальным жыцці.

 

Рэжым і ўсё, што ён робіць, настолькі стаў часткай нас саміх, што мы ў нейкі момант перасталі крытычна ўспрымаць навакольную рэальнасць. Мы забыліся, што ад міліцыі можна ўцякаць (а не стаяць на месцы, калі цябе клічуць), чыноўнікам і ЖЭСаўцам можна пярэчыць, што свежы нумар СБ у паштовай скрыні суседа (няхай і рэдкі ўжо выпадак) можна вырваць…

 

Беларусы, мы з вамі, паважаны чытач, звыкліся з дурацкай антыўтопіяй, якая нібыта сайшла са старонак «Восені патрыярха» геніяльнага Маркеса: «Далейшыя спрэчкі непатрэбныя, яснавельможны пане, рэжым трымаецца не на абяцаннях, не на апатыі, нават не на тэроры, а толькі на застарэлай інэрцыі, ён непазбежна разбураецца…».

 

Уявіце, што  праз тыдзень палата прадстаўнікоў зацвердзіць законапраект, згодна якому грамадзяне Швецыі маюць насіць жоўтыя крыжы на вопратцы (не блытаць з зоркамі!), СМІ паспрабуюць нас гэтым здзівіць, мы зробім выгляд, што здзівімся, ЕС адзаве сваіх паслоў, а ў наступным нумары АРХЭ мы прачытаем глыбокі аналітычны артыкул «Шведы на Беларусі і вопыт халакосту» за аўтарствам габрэя галандскага паходжання, які часова жыве ў Канадзе…  Праз тры тыдні «крыжы» афіцыйна адменяць, паслы вернуцца, аналітыкі напішуць пра «подых лібералізацыі», а мы з адчуваннем выкананага абавязку здымем выяўкі шведскага сцяга з аватарак у сацыяльных сетках.

 

Трапляюцца яшчэ, аднак, аналітыкі, дагэтуль не ўсвядоміўшыя ўсю парадаксальнасць склаўшагася ў цэнтры Еўропы мікрасусвету. Няшчасныя, яны дагэтуль шукаюць тонкія інтрыгі, таемныя планы, «змову ізаляцыяністаў», якім патрэбны былі «мядзьведзікі» для пагаршэння стасункаў Лукашэнкі з Захадам на карысць Расеі.

 

Шукаюць, карацей кажучы, логіку. А логікі зазвычай альбо няма, альбо яна падаецца банальнай да немажлівасці: «ізаляцыяністы» у РБ даўно перамаглі, ня трэба больш ніякіх прэцэдэнтаў, каб цягнуць краіну на ўсход: РФ і так наступае па ўсіх франтах – як на Беларусі, так і на Ўкраіне.

 

Наогул, тэорыі «змовы» працуюць толькі тады, калі адпавядаюць выгодам сваіх аўтараў. Калі некаму цікава казаць, што любое дзеянне, якое выклікае рэпрэсіі з боку ўлады, ёсць вылазка «ізаляцыяністаў» – калі ласка. Сапраўдным «празаходнім» палітыкам, пры такім раскладзе, будзе лічыцца толькі той, хто пагаджаецца з афіцыйным курсам, а гэта не самая лепшая дарожка.

 

Таму не чапайце «мядзведзікаў» – яны не пры чым, папаліся паміж молатам і кавадлам. Жар у гэтай кузні дадае вялікі «міша», якога наш молат з кавадлам цікавяць толькі час ад часу, рэшта – уласная ініцыятыва каваля…

 

Алесь Кіркевіч, аглядальнік “Твайго стылю”