Кангрэс каталіцкіх СМІ адкрыўся ў Гродне

|

Кангрэс каталіцкіх СМІ сабраў больш за сотню ўдзельнікаў з Беларусі і бліжэйшага замежжа – як прадстаўнікоў каталіцкіх СМІ, гэтак і свецкіх журналістаў-каталікоў.

 

На адкрыцці свае прывітальныя словы ўдзельнікам кангрэса перадалі касцёльныя ерархі: біскуп Аляксандр Кашкевіч і Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. Відэапасланне даслалі кіраўнік прэсавай службы Ватыкана айцец Фэдэрыка Ламбардзі і старшыня Папскай рады па сродках масавай камунікацыі арцыбіскуп Клаўдыё Марыі Чэллі. Усе яны пакрэслівалі сталую зацікаўленасць касцёла сферай масавай камунікацыі ды інфармацыі, асабліва ў кантэксце гэтак званай “новай евангелізацыі”.

 

Прысутнічаў таксама кіраўнік аддзела па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Ігар Папоў, які падкрэсліў асаблівую ролю каталіцкіх святароў у барацьбе з асацыяльнымі паводзінамі ў грамадстве.

 

У першым дакладзе кангрэса «Што каталіцкае, што хрысціянскае, а што агульначалавечае? Католік у электронных медыя» славуты польскі рэжысёр Кшыштаф Зануссі дасціпна распавёў пра свае погляды на актуальную сітуацыю СМІ ў свеце. Між іншым ён заўважыў, што “кепскія не СМІ, а кепскія гледачы, чытачы і слухачы, якія адказваюць за тое, што глядзяць”. Разважаючы пра мастацтва, Зануссі сказаў, што “рэклама і прапаганда гэта забруджванне мастацтва, нават калі гэта прапаганда веры”.

 

Даклад украінскага госця ксяндза Міколы Мышкоўскага на тэму новых медыяў нагадваў спробу укласці цэлы трэнінг па новых медыях у 30 хвілін. Святару сапраўды ўдалося перадаць шмат цікавай інфармацыі. Аказалася, напрыклад, што шматлікія маладыя людзі, які цэлыя дні праводзяць у сеціве, карыстаюцца электроннай поштай толькі раз у жыцці – каб зарэгістравацца УКантакце!

 

Скончыўся першы дзень кангрэса майстар-класам ад Кшыштафа Зануссі.

 

Перад намі яшчэ 2 дні кангрэса. Сачыць за ім можна дзякуючы відэатрансляцыі арганізаванай на сайце catholic.by.

 

Інфармацыя з месца падзей даступная таксама ў Twitter па афіцыйным хэштэгу кангрэса #KSMI.