Прададзена матрыца самай рэдкай гарадзенскай маркі
Гарадзенец Ян Лялевіч, у якога ў апошні момант перакупілі гэтую рэч, гаворыць:
– Шкада, што ўпушчана. Калі ты думаеш, што прадаецца нешта не дорага, то падазраеш, што гэта – не арыгінал. Тады шкада пераплочваць. Тым больш, праз адсутнасць прафесіяналізму можаш не даведацца, што насамрэч набыў. А магла б быць у Гродне такая філатэлістычная штука, якой няма нідзе.
З другога боку, я даўно сяджу ў аукцыёнах. У сусветным гандлі з’яўляюцца цікавыя рэчы і, бывае, я забываюся паставіць стаўку і ўзгадваю пра гэта пазней. Я заўжды да гэта стаўлюся па-філасофску.
Гісторыя марак, якія рабіліся з гэтай матрыцы, наступная: пасля захопу польскімі войскамі Гродна 27 красавіка 1919 года з прыватнай ініцыятывы былі вырабленыя паштовыя маркі шляхам наддрукоўкі на марках Расійскай імперыі польскага надпісу “40” Poczta Polska”. Гэтая наддрукоўка рабілася рознымі колерамі: чорным і фіялетавым. Для яе былі выкарыстаныя гэтак расійскія маркі, як і першыя маркі Украіны.
Аднак польская адміністрацыя адмаўляецца ад гэтых марак і яны апынаюцца ў руках нямецкага афіцэра сувязі. Нямецкі лейтэнант Баўэр робіць на гэтых марках дадатковы надпіс чырвонай фарбай V.P. Grodno (Verbindungs Post Grodno).
Менавіта гэтыя маркі былі выкарыстаныя для адпраўкі лістоў мясцовых немцаў да Сувалак, дзе ў гэты час існавала нямецкая, польская і літоўская пошта. Баўэр асабіста гасіў гэтыя маркі і ставіў надпіс “B” у верхнім куце кожнай. Гэтая прыватная пошта на тэрыторыі Гродна праіснавала з 1 мая да 17 чэрвеня 1919 года.
На дадзены момант з прычыны малога накладу – да 100 асобнікаў – кошт кожнай маркі, зробленай лейтэнантам Баўэрам, даходзіць да 5 тысяч еўра.