Справу Андрэя Пачобута працягнулі
Карэспандэнта польскай «Gazety Wyborczej» затрымалі ў яго кватэры ў Гродне 21 чэрвеня. Перад гэтым у памяшканні правялі ператрус і забралі кампутары. Андрэй Пачобут прабыў у гарадзенскім СІЗА да 30 чэрвеня, пасля чаго пад ціскам грамадскасці быў вызвалены пад падпіску аб нявыездзе.
“З таго часу ад следства абсалютна ніякай інфармацыі”, – распавёў прэс-службе ГА “БАЖ” сам Пачобут.
“Так, як я адмаўляюся супрацоўнічаць са следствам, мяне не выклікаюць на допыты і не бяруць ніякіх паказанняў. Нават пра працягненне расследавання крымінальнай справы не даслалі ніякага паведамлення, хоць пасля вызвалення з СІЗА яны маюць права гэтага і не рабіць”, – гаворыць гарадзенскі журналіст.
Андрэй Пачобут мяркуе, што напярэдадні парламенцкай кампаніі беларускія ўлады не хочуць акцэнтаваць увагу міжнароднай супольнасці на крымінальнай справе супраць журналіста.
“Думаю, да яе следчыя вернуцца адразу ж пасля парламенцкіх выбараў”, – кажа Андрэй Пачобут.