Таямніцы перамог ізраільскай зброі: дзве дзяўчыны з Гродна адслужылі ў ізраільскай арміі
У Ізраілі маюць адслужыць усе: і хлопцы, і дзяўчаты. Прызыўны ўзрост — ад 18 гадоў, калі ты сканчаеш школу. Спачатку — экзамен: некалькі пытанняў на камп’ютары, размова з псіхолагам, спартовыя тэсты. Праз месяц прыходзіць дакумент з найменнямі войскаў, да якіх ты здатны. Пажаданні ўлічваюцца, асабліва ад дзявочай часткі прызыўнікоў…
— Колькі служаць у Ізраілі?
Света: Хлопцы 3 гады, дзяўчаты — 2. Але калі дзяўчына ідзе ў баявыя войскі, таксама служыць тры гады. Я акурат так служыла у памежных войсках «Мішмарагвуль» — «Ахова мяжы». Аднак мы не стаялі на мяжы, а прысутнічалі ў раёнах, шчыльна заселеных арабамі. Я служыла ў Іерусаліме. Сама хацела ў баявыя войскі, таму мяне разам з іншымі на 2 дні вывезлі на вышкал: там паганялі, глядзелі, змагу ці не. Змагла.
Лена: А я — два. У тэхнічных войсках — спецыялізавалася на камп’ютарах.
— Гэта прэстыжна?
Лена: Так.
Света: Ёсць тыя, хто хоча служыць, ёсць тыя, хто «косіць» — паўсюдна тое самае.
— Плацяць?
Лена: Звычайна плацяць каля 100 даляраў у месяц, аднак мы лічыліся салдатамі-«адзіночкамі» (без сям’і ў Ізраілі), таму нам плацілі каля 500 — гэта і на з’ём кватэры, і на ежу… Пры гэтым ёсць часам магчымасць падпрацоўваць. У нас не так, як у вас.
У неслужбовы час можна ісці па сваіх справах. Я, напрыклад, часта начавала ў хаце. Света 10 дзён была ў войску, 4 у хаце.
Паколькі большасць жыве з сем’ямі, гэтыя 100 даляраў у асноўным ідуць на «пагулянкі» ды адзежу.
— Ёсць нешта кшталту «курса маладога байца»?
Света: Так, гэта называецца «Ціранут». У мяне ён трываў 4,5 месяца недзе. Нас вучылі страляць, кідаць гранаты, праходзілі рукапашны бой. Ёсць, напрыклад, такі від рукапашнага бою, як «краў мага» — «мастацтва абароны». Гэта ізраільскае вынаходніцтва, прызначанае для абароны, а не для нападу. Бывала, вывозілі ў пустыню на тыдзень, там мы харчаваліся сухім пайком, вывучалі навігацыю па зорках, шмат іншых рэчаў.
Лена: Бывае па-рознаму: у хлопцаў «Ціранут» цягнецца зазвычай год, таму яны і служаць у выніку тры. Мой курс трываў усяго 2 тыдні. Я заставалася яшчэ, каб зрабіць «Гіюр» — прыняць рэлігію, аднак не давучылася. Гэта адна з магчымасцяў, якую дае войска.
— Што значыць «прыняць рэлігію»?
Света: Мы там не лічымся габрэйкамі, бо ў нас габрэем быў дзядуля. Там жа ўсё ідзе па жаночай лініі. А войска дае магчымасць прайсці, так бы мовіць, «шлях да рэлігіі». Гэта курс па вывучэнні традыцыі, гісторыі, рэлігіі, практыкі малітвы. Часам вывозяць да рэлігійных сем’яў, хлопчыкам робяць абразанне. У цывільным жыцці «Гіюр» зрабіць значна складаней.
Лена: Без «Гіюра» немагчымае далейшае прасоўванне па армейскай лесвіцы, калі раптам ты вырашыш застацца на кантракце. Раней наогул на тэрыторыі Ізраіля негабрэям паміж сабой нельга было зарэгістраваць шлюб — усе ездзілі на Кіпр. Цяпер гэта ўжо магчыма.
Света: Са мной сужыў хлопчык-араб. У ягонай вёсцы яго не любілі, сям’я ад яго адраклася… У сувязі з гэтым армія яму па-рознаму дапамагала, аплочвала з’ём жытла.
— Якія бытавыя ўмовы?
Света:
Бываюць розныя базы, залежыць ад роду войскаў. Звычайна жывём у дамках з пакоямі. У пакоі ад двух да пяці чалавек.
Харчаванне асобнае, у залежнасці ад рэлігіі, тры разы на дзень: раніцай і ўвечары кашы, нешта малочнае, бульба. У абед — мяса з гарнірам. У шабат (суботу) мяса даецца два разы на дзень.
Лена: Усе папраўляюцца пасля войска, ежа вельмі каларыйная.
— Альтэрнатыўная служба ёсць?
Света: Так, можна адпрацаваць год альбо ў бальніцы, альбо з дзецьмі-інвалідамі. Вялікі працэнт рэлігійнай моладзі не прызываецца ў войска, а праходзіць альтэрнатыўны курс. Для іх таксама пасля ёсць зніжкі і дапамога, але ўжо меншая, чым для вайскоўцаў.
— Хлопцы з дзяўчатамі жывуць разам?
Света:
Разам могуць служыць, але жыллё, прыбіральні, душ — асобна. Ёсць нават правіла, па якім на «курсе маладога байца» хлопец не мае права дакранацца да дзяўчыны.
Быў нават такі выпадак: служылі разам сястра з братам, і брат атрымаў пакаранне за тое, што дапамог падняцца сястры.
Лена: Дзяўчатам нельга нават глядзець на хлопцаў. Але пасля «курса» ўсё ўжо не так сурова.
— Узаемаадносіны, зразумела, таксама забароненыя?
Света: Ну… на «курсе» за гэтым вельмі сочаць, а пасля ўжо як атрымаецца (смяецца).
— Ці існуе нешта кшталту «дзедаўшчыны»? Ці «бабшчыны»?
Света: Ёсць катэгорыі: «старэнькія» і «маладзенькія». Найлепшыя блокпасты ў Іерусаліме аддаваліся «даўгаслужачым», зразумела. Менш камфортныя — новенькім. Няма нейкіх здзекаў, але лепшае аддаецца старэйшым, маладзейшым — троху горшае. Вось і ўсё.
— Войска дае нейкія сацыяльныя гарантыі?
Света: Падчас тваёй службы ідзе накапленне грошай за кожны месяц на адмысловым рахунку. Я атрымала 5000 даляраў, Лена — 3000. Баявыя войскі даюць, зразумела, большыя грошы.
Лена: Нават пасля службы адмысловыя арганізацыі працягваюць табой апекавацца — аплочваюць вучобу, дапамагаюць з працай. Арганізацыі дзяржаўныя, але самі габрэі таксама ахвяруюць у іх, каб дапамагчы тым, хто адслужыў.
— Як гэта — служыць у атмасферы перманентнай вайны?
Света: У асноўным ідзе гульня ў «кошкі-мышкі»: арабы пачынаюць кідацца ў наш блокпост камянямі ці кактэйлямі Молатава. Але пры гэтым трэба стрымлівацца і не страляць да апошняга — калі гэта не твой адзіны шанец выбрацца жывым. За гэтым вельмі сочаць. Нават калі ў нас кідаюцца камянямі, трэба яшчэ доўга чакаць дазволу, каб разагнаць іх газавымі гранатамі, напрыклад.
Падазронаму чалавеку, па інструкцыі, трэба крыкнуць, каб ён спыніўся, на трох мовах: на іўрыце, на ангельскай і па-арабску.
Пасля трэба навесці на яго рулю, калі ён працягвае ісці — стрэліць у паветра два разы. Не дапамагае — трэба страляць па нагах і толькі пасля, калі ён яшчэ спрабуе нешта зрабіць, — у галаву.
Гэта палітыка ўсё…
Лена: Я жыву ў Ашдодзе, там ніякіх баявых дзеянняў няма. Але раптам гучыць сірэна і падае ракета… Побач з Сектарам Газа дзеці, перш чым казаць «тата-мама», вывучваюць слова «цэвадом» — «сірэна», «трывога». Я плакала, калі ўпершыню гэта пачула…
— І вы таксама адчуваеце нейкі негатыў да арабаў ці мусульманаў наогул?
Лена: Я іх ненавіджу.
Света: Гэта дае свой адбітак: і служба, і тое, што ты бачыш. Арабы таксама ёсць розныя: на поўдні краіны вельмі рэлігійныя і злыя. Там і здараюцца баявыя дзеянні. Арабы з поўначы больш свецкія і спакойныя, сярод іх шмат хрысціянаў.
— На вашу думку, у чым таямніца перамогаў ізраільскай зброі?
Лена: Людзі ў пастаянным напружанні жывуць, заўжды да ўсяго гатовыя, да розных сітуацыяў. Гэта неяк мабілізуе.
Света: Усе габрэі кажуць, што іх Бог абараняе. А я думаю, што справа ў еднасці паміж людзьмі. Калі я толькі прыехала і дзяўчаты даведаліся, што ў мяне нікога няма, апроч сястры, тут, адразу пачалі ўсюды запрашаць, на ўсе святы, дапамагалі, чым маглі. Усе людзі ў краіне трымаюцца адзін за аднаго, дапамагаюць. Вось так.
Так арганізавана войска ў Ізраілі — адной з самых моцных у вайсковым сэнсе краін. Там гэта не «школа жыцця для сапраўдных мужчын», а «супольная справа грамадзян», якая забяспечвае бяспеку ўсіх і кожнага ў варожым атачэнні. У Ізраіля ў гэтым сэнсе ёсць чаго павучыцца.