У цэнтры Гродна прадаюцца гістарычныя будынкі
Двухпавярховыя жылыя будынкі пераведзеныя ў нежылы фонд.
Адзін з іх – цагляны дом па вуліцы Вялікая Траецкая, 5 (на здымку), пабудаваны ў 1886 годзе. Памяшканне плошчай 210,3 кв.м. ацэньваецца ў 1 мільярд 62 мільёны рублёў. Новаму гаспадару прапануецца рэканструяваць будынак пад гасцініцу, офісы з памяшканнем бытавога абслугоўвання (гандаль, грамадскае харчаванне і г.д.).
Асноўная ўмова – скончыць рэканструкцыю і ўвесці будынак у гаспадарчы ўжытак цягам 3 гадоў з моманту набыцця.
У спісе аб’ектаў нерухомасці гарадской камунальнай уласнасці на продаж, размешчаным на сайце Гродзенскага гарвыканкама, 9 гістарычных будынкаў, пабудаваных у перыяд з 1870 да 1918 года.
Гродзенскі гісторык Андрэй Вашкевіч станоўча ацэньвае ініцыятыву гарадскіх уладаў па продажы і перадачы ў арэнду гістарычнай забудовы.
А.Вашкевіч: Будынкі трэба прадаваць. Гэта важная і карысная справа. З іх адсялілі людзей, і цяпер дамы трэба захаваць, бо яны безумоўна маюць гістарычную вартасць для захавання тапаграфіі Гродна.