У абласной біліятэцы ўзгадалі Кастуся Каліноўскага

Загадчыца аддзела краязнаўства Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі Любоў Tурмасава, кажа наступнае:

– Мерапрыемствы прысвечаныя першай дэмакратычнай газэце “Мужыцкая праўда” праводзяцца ўпершыню. І не выпадкова, што менавіта ў нашым горадзе, бо менавіта на Гарадзеншчыне гэтая газета больш за ўсё распаўсюджвалася.

 

Як распаўсюджвалася – гэта асобная гісторыя. Часы 150-гадовай даўніны, па сутнасці, мала чым  адрозніваюцца ад нашых. Тыя  рэвалюцыянэры хутчэй за ўсё зразумелі б нашую рэчаіснасць. Усё было як зараз, толькі высылалі ў Расею. 

 

Паводле афіцыйных жандармскіх дакументаў распаўсюд свабоднай прэсы сярэдзіны ХІХ стагоддзя апісваўся наступным чынам:

 

“Праязджаючы міма, нейкі невядомы пасажыр выкідваў скруткі газет, якія потым знаходзілі сяляне”.

 

Пасажырам быў ніхто іншы, як Вікенцій Каліноўскі, ці, як мы яго ведаем – Кастусь Каліноўскі. Раскідваў ён так трэці нумар газеты, за гэтай чыннасцю і быў заўважаны мясцовымі жандармамі.

 

Увогуле распаўсюд “Мужыцкай праўды” вельмі нагадвае распаўсюд сённяшніх улётак, толькі з улікам часовага кантэкста. Сяляне знаходзілі карткі, так яшчэ называлася “Мужыцкая праўда” у стагах саломы, на ўзбочыне дарог,  часцяком яна перадавалася ляснічым, якія распаўсюджвалі яе сярод насельніцтва. Шмат хто з сялян, хто не ўмеў чытаць, на слых завучвалі тэкст напамяць і так яго перадавалі іншым.

 

Газету прымацоўвалі да сцен дамоў і грамадскіх пабудоў, прыдарожных крыжоў, раскідвалі на вуліцах мястэчак. Амаль нашая рэчаіснасць.

Дакрануцца да мінулага можна было і на выставе, што з нагоды Сёмых гарадскіх чытанняў разгарнулася ў абласной навуковай бібліятэцы. Усе цікаўныя маглі пабачыць і нават асцярожна пагартаць часопісы і газеты, што выдаваліся ў нашым горадзе ў міжваенны перыяд у мінулым стагоддзі.

 

Рэдкія і ўнікальныя экзэмпляры вельмі шмат змаглі распавесці пра тагачаснае жыццё: балі, з’езды грамадскіх аб’яднанняў і гурткоў, тэатральныя навіны. Колькасці СМІ, што выходзіла тады, сённяшнія гарадзенцы могуць толькі зайздросціць.