Помнік радавому пяхотнаму Ваню аднавілі ў лесе пад Шчучынам

|

Пра пахаванне невядомага салдата жыхару Шчучына Антону Рымко распавёў яго бацька, які ў гэтым лесе працаваў лесніком.

 

Прыяцель Антона – Уладзімір Байгот – цягам некалькіх дзён шукаў магілу невядомага салдата і нарэшце знайшоў.

Ён самастойна аднавіў абяліск: пафарбаваў, прыбіў чырвоную зорку, а замест старых надпісаў зрабіў новую шыльду з тымі ж словамі: “Радавы пяхотны Ваня”.

 

Мясцовыя жыхары распавялі, што Ваня загінуў у самым пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

 

Распавядае гісторык Дзмітры Кіенка:

Гэты манумент у выглядзе пірамідкі з зоркай стаяў пасля вайны, яго паставілі мясцовыя жыхары, якія знайшлі павешанага чырвонаармейца. Яго павесілі ці ён сам павесіўся ад безвыходнасці – невядома. Для жыхароў вёскі Баяры, якія яго пахавалі, ён быў проста Янкам. Любы савецкі салдат для мясцовых жыхароў быў Ванем, а нямецкі – Фрыцам.

Цяпер мы яго аднавілі помнік дакладна такім, якім ён быў.


Пры ўсталяванні крыжа прысутнічалі прадстаўнікі праваслаўнай царквы: айцец Сергій Сямашка прыйшоў з прадстаўнікамі праваслаўнай дружыны і правёў на месцы пахавання службу.

У Шчучынскім ваенкамаце магілу невядомага салдата зарэгістравалі, і цяпер за помнікам будуць даглядаць школьнікі. У 2013 годзе на месца пахавання запросяць пошукавы батальён, каб перапахаваць парэшткі воіна і, па магчымасці, вызначыць яго прозвішча.