Гістарычная пятніца ў Гародні: сустрэча з дзясяткамі новых публікацый аб нашай мінуўшчыне
Для ўдзелу ў сустрэчы з Варшавы спецыяльна прыедзе гісторык Ян Шумскі, аўтар контраверсійнай манаграфіі “Саветызацыя Заходняй Беларусі (1944—1953 г.). Прапаганда і адукацыя на службе ідэалогіі” якая нядаўна выйшла ў перакладзе на беларускую мову. Кніга расказвае пра беларускі, польскі і ўкраінскі супраціў у Заходняй Беларусі 1944-1953, а таксама раскрывае механізмы русіфікацыі і саветызацыі яе карэннага насельніцтва.
Будзе прадстаўлены свежы нумар часопіс “ARCHE” – “Вайсковая гісторыя Вялікага Княства Літоўскага”, які ўзняў буру зацікаўлення, пашыранае і дапоўненае перавыданне даследавання Алега Латышонка “Нацыянальнасць — беларус”, пераклад на беларускую мову даследавання прафесара Гарвардскага ўніверсітэта Сяргея Плахія “Рускі Вавілон. Дамадэрныя ідэнтычнасці ў Расіі, Украіне і Беларусі”.
Гаворка пойдзе таксама пра багата ілюстраваную кнігу “Палітычная гісторыя незалежнай Беларусі (да 2006)” (1228 старонак), якая нядаўна пабачыла свет.
Наталля Сліж прадставіць папулярныя нумары “ARCHE” “Гісторыя беларускай штодзённасці”, “Жанчыны ў беларускай гісторыі”.
Апрача гэтага, размова зойдзе пра кнігі, якія выйшлі ў апошнія месяцы:
— Міраслаў Янковяк. Беларускія гаворкі ў Краслаўскім раёне Латвіі.
— Станіслаў Ліс-Блонскі. Балахоўцы.
— Эдмундас Гімжаўскас. Беларускі фактар у аднаўленні літоўскай дзяржавы (1915–1923).
— Кніга Полацкага Магістрату 1727.
На вечарыне са зніжкамі можна будзе набыць “Віцебскі краёвы слоўнік” Міколы Каспяровіча, “Краёвы слоўнік Чэрвеншчыны” Міколы Шатэрніка, “Расійска-беларускі слоўнік” Сцяпана Некрашэвіча і Міколы Байкова, а таксама дзясяткі іншых публікацый выдавецтва “ARCHE”.