У Гродне затрыманы Валер Булгакаў (абноўлена)
Падатковая інспекцыя і міліцыя на месцы паспрабавала высветліць, на якой падставе Валер Булгакаў прадае кнігі і ці мае на іх патрэбныя дакументы. Накладных не аказалася. Супрацоўнікі выхоплівалі з рук, у тым ліку ў старэйшых людзей, ужо купленыя кнігі. У выніку ўсе прывезеныя з Мінска кнігі і часопісы арыштаваныя. Іх звезлі, разам з самім Булгакавым, у невядомым накірунку: быццам бы ў падатковую, але адшукаць яго ў падатковай ці міліцыі арганізатары сустрэчы не здолелі.
Каля поўначы Булгакаў быў вызвалены і патэлефанаваў жонцы. Яму пагражае штраф да 100 базавых велічыняў. Разгляд адміністрацыйнай справы адбудзецца праз тры тыдні. Сканфіскаваныя 194 кнігі.
Выдавецтва «Arche» наведала сёння Гродна з нагоды прэзентацыі беларускага перакладу кнігі Яна Шумскага «Саветызацыя Заходняй Беларусі». Прэзентацыя ў вядомай зале на Будзёнага 48а прайшла без інцыдэнтаў. У канцы выступіў Эдвард Дмухоўскі, які распавёў прысутным пра звальненне з ГрДУ Андрэя Чарнякевіча, аднаго з аўтараў падручніка «Гродназнаўства», што днямі трапіў пад пільнае вока спецслужбаў. Пасля гэтага і пачаўся продаж, які скончыўся затрыманнем Булгакава.
Сведкі кажуць пра заранёў спланаваную акцыю міліцыі і падаткавай інспекцыі. Кнігі на самым пачатку набыла нейкая жанчына. Толькі напрыканцы сустрэчы, пасля 20.00, калі большая частка прысутных разышлася, з’явіліся супрацоўнікі падаткавай і міліцыі, абвясцілі, што адбылася кантрольная закупка.