Ці ходзіце вы ў бібліятэку?

| Без катэгорыі

У Беларусі амаль кожны другі жыхар з’яўляецца карыстальнікам бібліятэкі.

 

Па статыстыцы на 2,4 тыс. жыхароў прыпадае адна публічная бібліятэка, што практычна адпавядае нарматывам ЮНЕСКА.

 

У Гродзенскай вобласці  па тых жа афіцыйных звестках дзейнічае 447 публічных бібліятэк. Аднак за апошні час у нашым рэгіёне было “аптымізавана” 48 гэтых культурных устаноў.

 

Як кажуць самі біблятэкары, гэта не вельмі добрая тэнденцыя, бо бібліятэка разам з клубам і школай з’яўляецца тым культурным цэнтрам, які аб’ядноўвае людзей. Бо, асабліва ў сельскай мясцовасці, бібліятэка гэта не толькі месца, у якім можна ўзяць кнігі. Сюды можна прыйсці-пагутарыць, пабавіць час, даведацца апошнія навіны…

 

Мы зацікавіліся ў гараджан, што яны апошняе чыталі і ці наведваюць яны нашыя бібліятэкі.

 

align=”left” >Даша Акуневіч. Вучыцца ў медуніверсітэце на 4-курсе:

 

– Апошняе, што я чытала –  “Ведзьмак”. Аўтар – Анджэй Сапкоўскі.

 

У бібліятэку хаджу. Па вучобе і проста так.

 

Усё залежыць ад таго, што мне трэба.

 

Калі была на 1-2 курсах – брала кніжкі толькі па вучобе, а потым стала прыходзіць ужо за мастацкай літаратурай.

 

Аляксей Бутырчык. Сталяр:

 

– У асноўным чытаю навуковую фанатастыку.

 

Я хаджу у чытальныя залі, бо там ёсць розныя цікавыя падшыўкі навуковых часопісаў.

 

Можна знайсці і мінулагоднія экзэмпляры ды пачытаць, што не чытаў яшчэ.

 

Ганна Кузняцова. Каардынатар праекта “Дзеці і бацькі Гродна”. Сертыфікаваная кансультантка па грудным кармленні:

 

– Апошняе, што чытала, была кніжка Мішэля Одэна “Адроджаныя роды”. 

 

 

А ў бібліятэку хаджу. У першую чаргу –у нашую абласную.  Збіраюся пайсці ў дзіцячую – браць кніжкі для старэйшага сына.

 

Увогуле, кнігі люблю набываць, прыемна трымаць іх у руках. Мне вельмі падабаецца, калі дома існуе свая асабістая бібліятэка.

 

Віктар Шалкевіч. Беларускі бард, актор, паэт і шоумэн:

 

– Апошняе, што чытаў, была кніга польскага крытыка Багуслава Качынскага “Дзікая архідэя”.

 

Я даўно не хаджу ў бібліятэкі.  

 

У мяне ёсць асабістая калекція самых для мяне цікавых і любімых кніжак, якую я працягваю збіраць.

 

Але бібліятэкі адгулялі вялікую ролю ў маім жыцці – прывучылі да добрага.

 

Як зараз памятаю, першую кніжку, якую я ўзяў у бібліятэцы, былі “Матчыны казкі”.

 

Прачытаў і ў той жа дзень пабег вяртаць назад, каб узяць ужо нешта іншае.

 

Дзянісаў Аляксандр. Лідар гуртоў «Кальян», “Людзі на балоце”:

 

– На жаль, у бібліятэцы не быў ужо, прынамсі, гадоў 10.

 

Усе кнігі, якія я чытаю, мне падсоўваюць сябры ці я сам сабе набываю.

 

Таксама час ад часу чытаю ў электронным варыянце, але мне гэта не зусім падабаецца. Неяк не зручна, шчыра кажучы.

 

Вось калі быў студэнтам, то з бібліятэк не вылазіў.

 

Насця. 20 гадоў:

 

– Кніга – “Сняданак у Ціфані”. У бібліятэкі не хаджу, звычайна чытаю тое, што параяць сябры. Так атрымліваецца, што кнігі ходзяць з рук у рукі.

 

Кацярына. Студэнтка:

 

– Апошняе з прачытанага – Яўген Клюеў  “Паміж двух крэслаў”.

 

Звычайна адкрываю спіс апавяданняў Макса Фрая ў электронным выглядзе або пераключаюся  на вершы.

 

У бібліятэкі? – Не, не хаджу. Лепш прагледзець кнігу ў электронным варыянце  ды купіць, каб не давялося ў выпадку чаго насіцца з лямантам “як – знікла? Я перачытаць хачу!”.

 

Над матэрыялам працавалі Вольга Камягіна, Андрэй Мялешка і Аліса Чэкатоўская