Ян Шумскі: «За радыёпрымальнік пагражала адказнасць»

|

Прэзентацыя кнігі з такой красамоўнай назвай адбылася, быццам не выпадкова, у дні, калі ў горадзе шмат гаварылася пра аўтараў «апальнага» падручніка «Гродназнаўства». Сваеасаблівым пацверджаннем тытульнай саветызацыі аказалася і заканчэнне сустрэчы з арыштам амаль 200 кніг. З гэтай перспектывы праца Яна Шумскага быццам адказвае на пытанне: як мы да такога дайшлі?

 

Аўтар кнігі – выпускнік гарадзенскага ўніверсітэта, які працуе цяпер у Польскай Акадэміі Навук. Некалькі год таму яго зацікаўленасць польска-савецкімі дачыненнямі, адукацыяй і асветай у Савецкім Саюзе, аформілася ў кнігу, выдадзеную кракаўскім выдавецтвам Arcana. Цяпер, дзякуючы намаганням Arche, кніга даступная і беларускамоўным чытачам.

 

Цікава, што і ў дэмакратычнай Польшчы да назвы кнігі пачаткова ставіліся асцярожна – тэрмін «Заходняя Беларусь» там амаль не ўжываецца, таму аўтар мусіў тлумачыць, чаму ён, напрыклад, не скарыстаўся традыцыйным польскім паняткам «Крэсы». Яшчэ цікавей, што кнігу пагадзілася выдаць Arcana – вядомае сваёй правай, нацыянальнай польскай арыентацыяй, выдавецтва.

 

Арганізатары прэзентацыі не забыліся нагадаць пра праблемы аднаго з аўтараў “Гродназнаўства” Андрэя Чарнякевіча

 

Як адзначыў на пачатку сустрэчы адзін з яе арганізатараў Эдвард Дмухоўскі, тэма кнігі актуальная не толькі з увагі на геаграфію, але і таму, што «нас дагэтуль спрабуюць выхоўваць на ўзорах савецкай прапаганды». Сам аўтар патлумачыў, што для яго кніга ў пэўным сэнсе аўтабіяграфічная – падзеі, якія ў ёй асвятляюцца, датычыліся непасрэдна ягонай сям’і ды і не маглі не закрануць кожнай іншай заходнебеларускай сям’і.

 

Саветызацыя Заходняй Беларусі была вельмі адмысловым працэсам. Гэтыя землі значна лепей захаваліся пасля вайны ў параўнанні з Усходняй Беларуссю. Насельніцтва не вітала Чырвоную Армію з энтузіязмам ды наогул панавала «ўсеагульная насцярожанасць». Калектывізацыі яшчэ не адбылося. Сітуацыя падавалася мясцовым тымчасовай, але зацягнулася на наступныя амаль 50 год.

 

Прэзентацыя гэтым разам прыцягнула нечакана мала наведнікаў, хаця ў Гродне Arche традыцыйна збірае шматлікіх аматараў гісторыі.

 

У кнізе аўтар разглядае антысавецкі рух у пасляваенны час, змены ў нацыянальнай ды сацыяльнай структуры насельніцтва рэгіёна, кадравую ды рэлігійную палітыку камуністаў, асвету ды прапаганду ў далучаных да СССР землях.

 

Падчас прэзентацыі Шумскі адзначыў, што некаторыя адметнасці пасляваеннай палітыкі захаваліся ў пэўнай форме да сёння. Гэтак, у 1947 годзе ў гаркамах Гарадзеншчыны на кіроўных пасадах не было ніводнага чалавека з мясцовага насельніцтва. Паасаобныя прыклады былі хутчэй выключэннямі – да «заходнікаў» улады заўсёды ставіліся з выразным недаверам. Сітуацыя з мясцовай уладай зараз не нашмат лепшая.

 

Недавер да «заходнікаў» у пасляваенныя гады праяўляўся нават у тым, што ім забаранялася мець дома радыёпрымальнікі – дазволена была толькі радыёкропка.

 

Пасля прэзентацыі падатковая і міліцыя арыштавалі ўсе кнігі, прывезеныя Валерам Булгакавым

 

Як лічыць аўтар, на сённяшні дзень адрозненні паміж Усходам і Захадам краіны фактычна нівеляваныя. Паводле яго, ужо ў 70-80-я гады яны былі нязначнымі. Выглядае на тое, што палітыка саветызацыі дала вынікі.