Ці лічыць святам для беларусаў 17 верасня? — меркаванні жыхароў Гродна

|
“Я думаю, што ўсё-такі варта адзначаць. Гэта гісторыя, а гісторыю забываць не трэба. У 1939 годзе, як вы ведаеце з гісторыі, было як бы вызваленне Беларусі, калі яна ўвайшла ў склад СССР. Лічу, што на той момант гэта было неабходна. Калі людзі не памятаюць гісторыі, яны не будуць мець ні будучыні, ні мінуўшчыны”.
 
“Не магу меркаваць, гэта, напэўна, залежыць ад нашага ўраду. Але я думаю, што, канечне, варта было б адзначаць”.
 
“Я не лічу, што ў маштабах Беларусі трэба гэтае свята адзначаць. Ёсць больш вартыя нагоды, тым больш мы ведаем, чым 1939 год закончыўся для Беларусі. Гэта маё асабістае меркаванне”.
 
“З гісторыяй знаёмы дрэнна, святы ведаю толькі дзяржаўныя. Але думаю, што так, трэба святкаваць”.
 
“Асабіста маё меркаванне: я нізавошта не аб`ядноўваўся б. А вы ў Польшчы даўно былі? Ну дык вось: мне там больш падабаецца”.
 
“Цяпер па расійскіх каналах мноства цікавых перадач, дзе гісторыю не паказваюць аднабока — толькі з пункту гледжання камуністычнай партыі, а тое — як гэта было насамрэч, погляд з розных бакоў. Я б гэтае свята спачатку разгледзеў бы з іншага боку і, шчыра кажучы, святам бы не называў”.
 
“Канечне, трэба святкаваць, гэта гадавіна аб’яднання Заходняй і Ўсходняй Беларусі, беларускага народа. Лічу, што гэта вартая дата”.
 
 
“Дваццаць гадоў я жыву тут, гісторыю не вельмі ведаю, я не мясцовы, разумееце. А свята заўжды трэба адзначаць!”
 
“Не, адназначна лічу, што не трэба — на мой погляд, не свята гэта”.
 
“Гэта не свята для Беларусі, гэта, можна сказаць нават, і нейкае гора. Бо сюды прыйшоў бальшавік, які нарабіў надта многа шкоды для беларускага народа. Ён рэпрэсіраваў вядомых дзеячаў беларускіх. Можна гаварыць шмат, але гэта не свята — на сто адсоткаў”.
 
 

 

БелаПАН