Слухачамі “Універсітэта Залатога Веку” сталі 114 гарадзенцаў

|

Цягам тыдня ў офісе грамадскага аб’яднання праводзіліся прэзентацыі “Універсітэта Залатога Веку” і суразмовы з патэнцыйнымі студэнтамі.

 

Вольга Астроўская, асістэнт праграмы:

Жадаючых вучыцца ў нас было значна больш, чым мы можам прыняць. Таму сёлета мы аддавалі перавагу пенсіянерам, тым, хто паспяхова наведваў УЗВ у папярэднія гады і ахвярам сталінскіх і фашысцкіх рэпрэсій.

Найбольш актыўнымі традыцыйна з’яўляюцца жанчыны – іх у нас 102. Узрост нашых навучэнцаў ад 55 да 81 года.

Калі мы задавалі пытанне пра матывацыю да ўдзелу ў праграме “Універсітэт Залатога Веку”, большасць казала пра патрэбу быць карысным, не сумаваць, павысіць інтэлектуальны ўзровень.

Прыемна, што 11 нашых сёлетніх слухачоў выказалі жаданне самі прачытаць лекцыю, яшчэ 8 – арганізаваць паход.

 

Калі ў мінулым годзе ва “УЗВ” працавала 10 секцый, то сёлета слухачам прапануецца навучанне ўжо ў 16 секцыях. Трэцюю частку з іх будуць праводзіць выпускнікі леташняга “УЗВ”.

 

З кастрычніка да мая сталыя гарадзенцы будуць вучыцца карыстацца кампутарам, вывучаць беларускую, ангельскую, нямецкую, польскую мовы, эсперанта.

Працягне працу гурток па фотамайстэрстве “Жыццёвы дзённік”, секцыі “Падарожжа ў часе і прасторы”, “Акадэмія мастацтваў залатога веку”, “Вячоркі”.

Садаводаў-аматараў запрашае “Сад мары”, аматараў кіно – “Адкрыты паказ”. Створаны секцыі “Мода, стыль і прыгажосць”, “Залатое пяро”, “Псіхалагічнае здароўе”.

 

Найбольш удзельнікаў сёлета запісалася ў секцыю “Кампутар і Я” – 59 чалавек, “Ёга як падарожжа” – 37, “Падарожжа ў часе і прасторы” – 29 (столькі ж – на заняткі ангельскай мовай). 27 чалавек выказалі жаданне вывучаць польскую мову, 22 – займацца ў секцыі псіхалагічнага здароўя.

 

Цяпер арганізатары занятыя складаннем расклада заняткаў.

Навучанне ва “Універсітэце Залатога Веку-4” распачнецца 11 кастрычніка.

Пра самыя цікавыя падзеі з жыцця “УЗВ” будзе распавядаць УЗВ-блог.

 

Здымак http://uzv-hrodna.blogspot.com