Адкрыты ліст дацэнта Чарнякевіча прарэктару Агіявец
Першаму прарэктару
Гродзенскага дзяржаўнага
ўніверсітэта імя Янкі Купалы
Агіявец С. У.
Адкрыты ліст
Паважаная Святлана Уладзіміраўна!
У панядзелак, 10 верасня, я быў тэрмінова выкліканы па тэлефоне начальнікам Цэнтра кадравай і прававой работы ГрДУ А. А. Васіленкам на размову. Прычыны для такой сустрэчы мне пры гэтым не патлумачылі. Акрамя самога А. А. Васіленкі, у кабінеце прысутнічалі кіраўнік аддзела бяспекі ўніверсітэта С. А. Рыбчанка і прадстаўнік Камітэта дзяржаўнай бяспекі, які прадставіўся як «Сан Саныч». Зусім нечакана асноўнай тэмай сустрэчы стаў мой удзел у працы аўтарскага калектыва па выданні падручніка «Гродназнаўства».
Сама гутарка па форме хутчэй нагадвала допыт і не мела, на мой погляд, прамога дачынення да маіх прафесійных абавязкаў. На маё пытанне адносна прычыны такой павышанай цікавасці да кнігі, якая перад гэтым ужо двойчы выходзіла нават у выдавецтве самога ўніверсітэта, адказу атрымана не было. Такім самым чынам былі праігнараваныя і мае шматразовыя нагадванні адносна неабходнасці правядзення мною лекцыі, у выніку чаго я не здолеў своечасова патрапіць на заняткі ў корпус факультэта псіхалогіі.
Якое ж было маё здзіўленне, калі літаральна праз два дні пасля згаданай размовы ў тым жа самым кабінеце, у прысутнасці А. А. Васіленкі і С. А. Рыбчанкі мне прадставілі для азнаямлення ДВА (!) акты аб маёй адсутнасці на працоўным месцы падчас заняткаў.
У першым выпадку я затрымаўся хвілін на пяць у дэканаце факультэта матэматыкі і інфарматыкі, удакладняючы расклад заняткаў, а ў другім затрымка складала яшчэ меншы час, прытым я сам папрасіў студэнтаў крыху пачакаць, маючы неабходнасць прыняць лекі (у актах тэрміны дадзеных спазненняў выраслі адпаведна да дзесяці і пяці хвілін).
Такім чынам, дзвюх паперак, падпісаных асобамі, якія напярэдадні фактычна сарвалі мне занятак, хапіла для таго, каб я атрымаў заўвагу (першую за адзінаццаць гадоў працы) і быў звольнены.
З Гродзенскім універсітэтам мяне звязваюць амаль дваццаць гадоў вучобы і працы. Тут таксама вучыўся і працаваў мой бацька. Лічу, што я ніколі не даваў нагоды для таго, каб узнікалі сумневы ў маім прафесіяналізме. Хвіліна затрымкі на лекцыю напярэдадні ПЯЦІ параў запар тымі людзьмі, якія самі калісьці выкладалі, наўрад ці будзе разглядацца ў якасці нейкага злачынства.
Атрымліваецца, што адзінай прычынай таго, што здарылася, з’яўляецца выхад кнігі па гісторыі Гродна. Магу яшчэ раз падкрэсліць, што мне не сорамна за сваю працу. Ведаю, што Вы з самага пачатку былі ў курсе ўсёй справы і лічу сваё звальненне праявай абсурду, які вынікае з фармалізму і імпэту асобных службовых асоб, вартага іншага ўжывання.
Шчыра разлічваю на перагляд рашэння і адмену зробленай мне заўвагі.
З павагай,
Дацэнт кафедры эканамічнай тэорыі ГрДУ, кандыдат гістарычных навук
Чарнякевіч Андрэй Мікалаевіч
21.09.2012
Здымак Андрэя Мялешкі