Следства па справе Пачобута працягнута на месяц

|

Пачобут абвінавачваецца ў паклёпе на прэзідэнта на падставе часткі 2 артыкула 367 КК.

Нагадаем, Пачобут паўторна абвінавачваецца ва ўчыненні злачынства, прадугледжанага арт. 367 КК.

 

Як мяркуе следства, у шэрагу публікацый, падрыхтаваных журналістам і распаўсюджаныхінтэрнэт-рэсурсамі, «утрымліваліся паклёпніцкія выказванні на адрас кіраўніка дзяржавы». Пачобут быў затрыманы 21 чэрвеня ў сваёй гродзенскай кватэры. Пасля вобыску яго павезлі ў пракуратуру, а затым змясцілі ў следчы ізалятар. 30 чэрвеня журналіста вызвалілі пад падпіску аб нявыездзе.

 

Летам мінулага года Пачобута ўжо судзілі за «паклёп на адрас прэзідэнта». Тады суд Ленінскага раёна Гродна прыгаварыў яго да трох гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання на два гады. Цяпер журналісту пагражае пакаранне ў выглядзе абмежавання або пазбаўлення волі да пяці гадоў.

 

Пачобут не прызнае сябе вінаватым і адмовіўся ад давання паказанняў следству.

 

У ліпені стала вядома, што ўпраўленне Следчага камітэта па Гродзенскай вобласці стварыла следчую групу для расследавання крымінальнай справы Пачобута. З таго моманту ніякай інфармацыі пра ход следства па сваёй справе журналіст не атрымліваў. Ён лічыць, што расследаванне адновіцца пасля парламенцкіх выбараў.

Праваабарончыя структуры і Еўрасаюз асудзілі беларускія ўлады за чарговы крымінальны пераслед журналіста.