Выбары-2012: адзін дзень назіральніка

| Без катэгорыі

 

На ўчастак мне ўдалося прыбыць яшчэ да апячатвання скрыняў. Камісія, не спяшаючыся, броўнаўскім рухам перасоўвалася па памяшканні. За пяць дзён датэрміновага галасавання працэс быў наладжаны так, што заставалася толькі дзверы адчыніць і заспускаць выбарцаў. Першыя з іх, дарэчы, традыцыйна спрабавалі прарвацца на ўчастак яшчэ да адкрыцця.

 

Назіральнік ад Беларускага Хельсінскага Камітэта не ўразіў камісіі – мне прапанавана было заняць традыцыйнае месца, з якога толькі з біноклем можна пабачыць спісы выбарцаў, а каб зірнуць на «святая святых» – стол старшыні, хіба і гэтай тэхнікі будзе мала. Хутка побач са мной сядае дзядок з КПБ ды некалькі настаўніц з той самай школы, дзе праходзяць выбары. Мінулым разам адна з іх была ў камісіі, цяпер памянялася ролямі з калегай і стала «назіральніцай».

 

Выбары пачынаюцца. Яўка па датэрміновым галасаванні нечакана нізкая – ўсяго каля 12%, у два разы менш за сярэднюю па краіне. Фатаграфаваць на ўчастку старшыня забараняе адразу і сказаць штосці супраць складана: мае права. Просьбы нічога не далі, бо на ўчастку ўжо быў калісці такі «свядомы» назіральнік і ўчыніў скандал. Праз гэтага ненадзейнага ці то бэнээфаўца, ці то праваабаронцу (а можа і тое і другое разам), які пакінуў незабыўнае ўражанне ў старшыні камісіі, мне прыйшлося таемна здымаць тэлефонам – рызыка быць выдаленым з участка падалася дастаткова вялікай.

Таблічка з надпісам “Наблюдатели” аказалася цудоўным прыкрыццём для майго тэлефона

 

З першых гадзін назіральніцы ад БРСМ, «Белай Русі» і калектыва школы (яны ж мясцовыя настаўніцы) пачынаюць пісаць прыгожым почыркам нейкія запіскі. Аказалася, што тое справаздачы, якія трэба аддаваць… старшыні камісіі, працу якой яны кантралююць!

 

«Добра вам, у вас формы для назірання падрыхтаваныя, толькі крыжыкі стаў ці галачкі», – зайздросцілі па-добраму «афіцыйныя» назіральнікі. Хвалявалі іх і эканамічныя пытанні: на ўчастку трэба сядзець не нашмат менш за камісію, але тая прынамсі за гэта капейчыну атрымлівае…

 

Пакуль людзі стаялі ў чарзе, каб прагаласаваць – адзіны такі выпадак, сярод поўнага бязлюддзя, здарыўся недзе пасля 12 гадзін – старэйшы мужчына рашуча скіраваўся да нас:

 

«Навошта падманваць? Учора Ярмошына казала, што кошты ў буфеце будуць зніжаныя, каб заахвоціць людзей. Ды дзе ж яны зніжаныя?! – негадаваў ён. – Так і жывем у хлусні! І прыбіральня на рамонце!»

Далёка-далёка ў куце за камісіяй стаяла скрыня з датэрміновага галасавання ды скрыні для галасавання дома. Паколькі выбарцаў на ўчастку было надзвычай мала, з аглядам усяго памяшкання вялікіх праблем не было.

 

На ўчастку назіраўся яўны ўзроставы дысбаланс. «Старэйшае пакаленне больш адказнае, схільнае выконваць грамадзянскі абавязак», – тлумачыла мне «назіральніца» ад «Белай Русі». Ілюстрацыяй гэткай звышадказнасці стаў дзядок, які, атрымаўшы бюлетэнь, адразу скіраваўся з ім да скрыні. «Вы мусіце выбраць кандыдата!» – крыкнулі яму наўздагон з камісіі. Уладальнік добрага слыху, не спыняючы руху ў бок скрыні, адказаў: «Я ўжо выбраў!». Трагедыю аднак прадухілілі – дзядка прысаромелі і скіравалі ставіць крыжык у кабінку, аднак па хуткасці яго вылету адтуль можна меркаваць, што ён не кінуў сваёй ідэі аддаць пусты бюлетэнь.

 

Нягледзячы на надзвычай нізкую зацікаўленасць выбарамі, некаторыя грамадзяне яшчэ не цалкам пазбавіліся веры ў іх. Нейкая жанчына ў клетчатым паліто паспрабавала паскардзіцца ў камісію на адсутнасць гарачай вады ў хаце… Выбары не выклікалі цікаўнасці нават у самой камісіі – большасць часу на месцы знаходзілася ўсяго палова яе складу, а часам і меней. Гэтага цалкам хапала, каб абслугоўваць нешматлікіх выбарцаў.

 

Назіральнікі бавілі час у гутарках паміж сабой. «Нашая ідэя такая ж, як і была – пабудова камунізму, – упэўненым голасам тлумачыў дзядок з КПБ, дадаўшы толькі ў канцы: – Сацыялістычным шляхам».

«Кошты ў буфеце ў два разы вышэйшыя за рынкавыя! Сорам! Нельга так рабіць! Дзе рыначныя адносіны?» – пытаўся чамусці ў назіральнікаў чарговы неспакойны пенсіянер. Калі я паспрабаваў сказаць штосці пра свабодныя цэны і рынкавыя прынцыпы, ён парыраваў: «Рынак гэта не свабоднае цэнаўтварэнне, а пошук танных пастаўшчыкоў! А тут рука руку мые, адмыслова дарагія тавары ў буфет купляюць!». З выкрыццём кулінарных выбарчых махінацый, якое зрабіў гэты мужчына, падобны знешне да вынаходніка Дока з фільма «Назад у будучыню», спрачацца было немагчыма.

 

Не надта святочную атмасферу ўчастка ўздымала нягучная музыка. Баскаў спяваў пра шарманку, Рукі Уверх пра Наташу, а зусім ужо нішавая спявачка заводзіла: «Такой был ласковый мужик, мне с ним всю ночь так сладко было. Исчез он также как возник, и как зовут спросить забыла».

 

«There is silence during elections in Sweden», – звяртаюць увагу назіральніцы з АБСЕ, а адначасова – дэпутаткі шведскага парламента, якія нечакана завіталі на ўчастак ды пазнаёміліся з лепшымі прыкладамі расейскай папсы. «Stuffing the ballot box is too old fashioned. „Innovations” in counting are much more interesting», – пагаджаецца са мной адна з іх перад тым, як рушыць далей. Наперадзе ў іх яшчэ шмат участкаў.

 

«Колькі хлеб будзе каштаваць пасля выбараў?» – ізноў чамусці да назіральнікаў скіраваў сваё пытанне чырвон мужчына з паловай «кірпічыка» ў руцэ, які, відаць па ўсім, дапамагаў яму ўтрымліваць раўнавагу. Не атрымаўшы адказу, паглядзеўшы на нас з пагардай, ён прамармытаў штосці пра «безадказных» і пайшоў дадому.

Набліжалася закрыццё ўчастка, а без уліку галасавання дома – не ўсе скрынкі яшчэ вярнуліся – яўка, разам з датэрміновым, складала каля 48%. Апошнія выбарцы спяшаліся дапамагчы ў дасягненні заветных лічбаў. Жанчына ва ўзросце актыўнай жэстыкуляцыяй дапамагала мужу зразумець безадказныя паводзіны кандыдата ад БНФ, але той усё больш цікавіўся кандыдатам ад ЛДП. Мабільныя скрыні вярнуліся, прыбіральшчыца пачала мыць падлогу. Хутка ўчастак закрыўся.

 

«Прагрэсіўная» старшыня камісіі дазволіла зменшыць дыстанцыю да стала падліку з 8 да 5 метраў, так, што я нават пабачыў некалькі асобных бюлетэняў. Спасылка на тое, што, маўляў, сама Ярмошына ў 2010 дазваляла падыходзіць максімальна блізка да стала камісіі, не спрацавала. Аказваецца, 2012 гэта не 2010, а старшыня камісіі – не Ярмошына, даведаўся я і застаўся на сваім месцы. Нечакана бюлетэні пачалі лічыць згодна з заканадаўствам: асобна кожную скрыню, з агалошваннем вынікаў па асобных тыпах галасавання. Ад здзіўлення я нават падзякаваў камісіі за прафесіяналізм.

“Празрысты” падлік. Калі гэты стол яшчэ крыху бачны, то наступны – той дзе вядзецца канчатковы падлік – абсалютна недасяжны

 

Як удалося дасягнуць афіцыйных вынікаў – іншае пытанне. Пракантраляваць працэс падліку фактычна немагчыма, бо спосаб нідзе не прапісаны. Сябры камісіі традыцыйна лічаць адначасова кожны сваю частку, праз што ніхто акрамя старшыні і сакратара не ведае дакладна агульных вынікаў, а толькі тое, што палічыў сам. «Гэта хуткі і эфектыўны метад, мы так даўно працуем», – тлумачыць мне старшыня з досведам працы на апошніх трох выбарах. А пазней запэўнівае, што калі будуць указанні з ЦВК лічыць нейкім канкрэтным спосабам, ну хаця б так, як ужо даўно прапануюць незалежныя назіральнікі, то камісіі так і будуць рабіць. Ключавое: «калі будуць указанні».

 

Канец выбараў прымаю з расчараваннем: фактычна, літара закона не парушана, скаргі падаць няма на што. Нават накруткі яўкі не бачна. Але і ў выніках выбараў цяжка быць упэўненым, калі падлік зусім не адкрыты. Кандыдат ад улады набірае крыху больш за 50%, гэткая ж і яўка. Гэта вам не прэзідэнцкія выбары, у такія лічбы нават хочацца паверыць.

 

Раблю адзінае дазволенае фота – копію пратакола, ды скіроўваюся дамоў, рапартаваць. Старшыня кажа на развітанне: «Не ў назіральнікі ідзіце, а ў сябры камісіі. Тады, быць можа, не будзе самі ведаеце чаго».

 

Назіранне вялося ў межах праекта «Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка». 24 верасня 20 назіральнікаў гэтага праекта было затрымана амапаўцамі ў Мінску, калі яны сабраліся падвесці вынікі сваёй працы.