Памёр Мікалай Мельнікаў

|

Мікалай Мельнікаў выкладаў філалогію. Пазней ён стварыў дэмакратычную ветэранскую арганізацыю і грамадскі музей Васіля Быкава. Сам спадар Мельнікаў паходзіць з Чавускага раёна на Магілёўшчыне.

У траўні 2006 Мікалай Мельнікаў апублікаваў аўтабіяграфічныя ўспаміны, прэзентацыя кніжкі адбылася ў Гродне. Аўтар пісаў пра тое, як у 30-ыя гады «раскулачылі» іх сям’ю, і яго разам з бацькамі саслалі ў лагер у Валагодскую вобласць. Сваю кнігу ён назваў «Адчай, боль і горыч».

Кніга — пра гвалт у адносінах да вялікай працавітай сялянскай сям’і, пра рабаўніцтва ўладамі яе гаспадаркі. Мельнікавых вывозілі ў канцлагер таварным эшалонам, куды сагналі людзей з усяго Чавускага раёна, чые хаты задарма забірала новая ўлада. Самае ўражлівае ў гэтым сэнсе месца ва ўспамінах, калі дыхтоўную хату аднаго з родных Мікалая Мельнікава рассыпалі, перавезлі, ды так і не склалі назад, усё згніла.

Сёлета 11 траўня ў Гродне стваральніку грамадскага музея Васіля Быкава Мікалаю Мельнікаву была ўручаная прэмія імя Алеся Адамовіча.

«Прэмія ўручаецца штогод Беларускім Пэн-цэнтрам за сумленнае слова, за публіцыстыку. Часцей за ўсё яе атрымліваюць пісьменнікі, публіцысты, журналісты. Мікалая Мельнікава ўганаравалі — за доўгую плённую дзейнасць па захаванні гарадзенскай спадчыны Васіля Быкава», — сказаў Старшыня Беларускага Пэн-цэнтра Андрэй Хадановіч.