Гродзенскі Орхускі цэнтр ініцыюе прыборку лесапарка

|

У акцыі возьмуць удзел валанцёры – вучні школ і ліцэяў.

Яна ладзіцца супольна з Гродзенскім абласным камітэтам і гарадской інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

 

Афіцыйнага адкрыцця Орхускага цэнтра ў Гродне пакуль не было, яно запланаванае на пачатак лістапада. Аднак прыборка лесапарка каля бальніцы не першае экалагічнае мерапрыемства, якое арганізуюць яго спецыялісты.

 

Каардынатар цэнтра Іаланта Рамановіч: «Мы падумалі: калі цэнтр пачне дзейнічаць раней афіцыйнага адкрыцця, то людзі даведаюцца пра нас, а значыць, будуць больш актыўна звяртацца да спецыялістаў».

 

Бліжэйшым часам Орхускі цэнтр у Гродне плануе правесці сустрэчы з прадстаўнікамі грамадскасці, каб распавесці пра Орхускую канвенцыю, сам цэнтр і ягоную дзейнасць.

 

Першы ў Беларусі абласны Орхускі цэнтр створаны ў Гродне ў межах супольнага праекта Еўрасаюза і праграмы развіцця ААН «Садзеянне развіццю ўсеахопнай структуры міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне аховы навакольнага асяроддзя ў Рэспубліцы Беларусь». Яго супрацоўнікі будуць кансультаваць грамадзян па пытаннях аховы навакольнага асяроддзя, прадстаўляць прафесійную юрыдычную дапамогу.

 

Паводле http://www.belta.by

Здымак http://www.grsu.by