15 год Гродна са сваім сцягам
Гарадзенскае ўпраўленне юстыцыі канстатуе, што сцяг гораду гэта «прамавугольнае палотнішча блакітнага колеру з суадносінамі бакоў 1:2, у цэнтры асабовага боку якога намаляваны герб горада Гродна».
Лічыцца, што старадаўні герб Гродна быў падараваны гораду ў 1540 каралевай польскай і вялікай княгіняй літоўскай Бонай Сфорца, аднак першыя пячаткі з выявай герба Гродна датаваныя 1565 годам. На іх намаляваны алень з залатым крыжам паміж рагоў, так званы алень Святога Губерта.
Святы Губерт – каталіцкі святы, заступнік паляўнічых. Аднойчы падчас палявання ён убачыў цудоўнага аленя з залатым крыжам паміж рагоў і, натхніўшыся гэтым знакам, стаў прыкладным хрысціянінам і раздаў ўсю сваю маёмасць бедным. Алень Святога Губерта быў абраны сімвалам горада, паколькі побач з горадам размяшчаліся багатыя паляўнічыя ўгоддзі Белавежскай і Гродзенскай пушчаў. Агароджа, праз якую скача алень, была пасля дададзеная да герба і сімвалізуе свабодалюбства насельніцтва горада, а таксама саму назву Гродна, якая, як мяркуецца, паходзіць ад слова «гарадзіць».
Пасля далучэння горада да Расійскай імперыі ў 1795 годзе, стары герб быў скасаваны. У 1802 годзе быў зацверджаны герб Гродзенскай губерні: на верхняй частцы шчыта быў намаляваны коннік з васьміканцовым крыжом на шчыце, а ў ніжняй – выява зубра на чырвоным фоне. 6 красавіка 1845 года коннік з герба быў прыбраны. У 1878 годзе зменены малюнак зубра, гербу нададзены імператарская карона, стужкі і дубовае лісце.
Сцяг з аленем зараз упрыгожвае гарадзенскі гарвыканкам. А вось абласны камітэт упрыгожвае чырвоны сцяг з яшчэ царскімі сімваламі – выявай герба вобласці, адно што без дубовых галінак і стужкі. Сам герб вобласці гэта французскі шчыт, у чырвоным полі якога намаляваны залаты зубр. Герб вянчае вялікая залатая гарадская карона, шчыт апраўлены залатымі дубовымі галінкамі, якія перавівае Андрэеўская стужка блакітнага колеру. У аснову сучаснага герба быў пакладзены той самы герб Гродзенскай губерні, атрыманы ў 1878 г. згодна з указам расійскага імператара Аляксндра II.
Варта памятаць, што царскі герб гэта элемент расейскай гісторыі, а для Гарадзеншчыны гэта гісторыя задушэння паўстанняў і “Мураўёва-вешальніка”. А значыць, калі-небудзь над горадам будзе лунаць толькі адзін – гістарычны сцяг.