Заява “Экадому” на аб’яўленне Літвой персонамі нон-грата беларускіх праціўнікаў будаўніцтва АЭС

|

У рашэнні МЗС, якое выдалі Уласевічу і Новікавай на мяжы, гаворыцца пра тое, што яны пагражаюць бяспецы адной альбо некалькіх краін Еўрасаюза, нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Літва.

 

Запрошаным на міжнародную навуковую канферэнцыю па ядзернай бяспецы беларусам літоўскія памежнікі анулявалі шэнгенскія візы. Не дапамагло нават умяшальніцтва дэпутата літоўскага сейма  Казіміраса Уока.

Беларускае грамадскае аб’яднанне “Экадом” лічыць рашэнне Літвы палітычна матываваным дзеяннем, накіраваным на маніпуляцыю грамадскай думкай напярэдадні выбараў у Літве і рэферэндуму па пытанні будаўніцтва Вісагінскай АЭС.

 

Гэты крок зачыняе для беларускіх грамадскіх актывістаў мяжу з Еўрасаюзам і спрашчае рэпрэсіі беларускіх уладаў адносна іх. Гэтая мера з’яўляецца антыгуманнай, парушае правы чалавека і служыць праявай нездаровых, супярэчных дэмакратычным традыцыям тэндэнцый.

“Экадом” звяртаецца да Міністэрства замежных спраў Літвы з просьбай перагледзіць прынятае рашэнне і да міжнароднай супольнасці – з просьбай пра падтрымку.

 

Уласевіч і Новікава былі афіцыйна запрошаныя да ўдзелу ў канферэнцыі “Літва-Беларусь, ядзернае суседства”, якая адбылася ў Сейме Літвы. Беларускія актывісты планавалі выступіць з інфармацыйным паведамленнем, удзельнічаць у дыскусіі і рабіць прэзентацыю на тэму ролі грамадскага кантроля пры прыняцці рашэнняў, звязаных з атамнай станцыяй.

Перад гэтым абое неаднаразова наведвалі Літву і не мелі ніякіх прэтэнзій з боку міграцыйных службаў.

 

Беларускія актывісты выступаюць з крытыкай будаўніцтва АЭС у Беларусі, выкрываюць  шматлікія парушэнні падчас будаўніцтва, за што падвяргаюцца рэпрэсіям.

Так, некалькі дзён таму ў спадара Ўласевіча праходзілі вобшукі. Спадарыня Новікава была арыштаваная на 5 сутак падчас спробы перадаць у пасольства Расійскай Федэрацыі звароту, звязанага з будаўніцтвам АЭС у Беларусі.

 

Здымак http://www.ej.by