10 год як няма вядомага кампазітара
Пра вядомага гарадзенца распавядае старонка harodnia.com:
«Аляксандр Канстанцінавіч Шыдлоўскі нарадзіўся 18 чэрвеня 1911 г. у вёсцы Мінкі на Смаргоншчыне. У гады Першай сусветнай вайны яго сям’я з’ехала ў эвакуацыю і жыла ў расейскім Сімбірску. Пасля вяртання на Беларусь у 1921 годзе Шыдлоўскі пачаў навучанне ў Віленскай беларускай гімназіі. Тут ён пазнаёміўся з выдатнымі беларускімі дзеячамі міжваеннага часу – Рыгорам Шырмам, Сяргеем Паўловічам, Максімам Гарэцкім, Адамам Станкевічам. У гімназіі Шыдлоўскі далучыўся да падпольнага беларускага камуністычнага руху, за што быў з гімназіі выключаны.
У 1928 г. стаў інструктарам беларускага парламенцкага клуба ў польскім Сейме «Змаганне». Праз нейкі час быў арыштаваны польскімі ўладамі і прыгавораны да 5 гадоў турмы. Пасля вызвалення жыве і працуе ў Варшаве звычайным рабочым. У 1938 г. Шыдлоўскі разам са сваім братам Язэпам Урбановічам ствараюць апошнюю ў Польшчы легальную беларускую арганізацыю – Беларускае культурнае таварыства ў Варшаве. У тыя часы ён блізка пазнаёміўся і пасябраваў з паэтам-падпольшчыкам Максімам Танкам. Увесь гэты час Аляксей збіраў беларускія народныя песні, апрацоўваў іх, спяваў у беларускіх хорах.
Падчас Вялікай Айчыннай вайны Аляксей Канстанцінавіч быў артыстам хору Рыгора Шырмы, выступаў перад параненымі ў шпіталях, працаўнікамі тылу, ездзіў па франтах.
З 1950 г. Аляксей Канстанцінавіч жыў у Гродне. 35 гадоў працаваў у Гродзенскім доме народнай творчасці, з якіх 10 год узначальваў яго»
align=”left” >Пра Аляксандра Шыдлоўскага ўзгадвае гісторык Андрэй Вашкевіч:
«Аляксандр Шыдлоўскі, як і Апанас Цыхун, гэта ў першую чаргу асабістыя ўспаміны. Я ведаў яго асабіста: для мяне ён быў велмі шчырым, таленавітым і проста вельмі класным чалавекам. Ён прыходзіў да Апанаса Цыхуна, дзе заўсёды вяліся цікавыя размовы. Яны з Цыхуном амаль аднагодкі і так сталася, што амаль адначасова яны пайшлі з жыцця»
На будынку на вуліцы Савецкай 8, дзе раней працаваў Аляксандр Шыдлоўскі, зараз усталяваная памятная шыльда. У адным з раёнаў горада – Зарыцы – нядаўна з’явілася вуліца, што носіць яго імя.
Спадчына вядомага гарадзенца яшчэ да канца не вывучана. Трэба спадзявацца, што ў будучыні даследчыкі зоймуцца вывучэннем гісторыі гэтага выбітнага чалавека.
Вуліца Шыдлоўскага з’явілася ў Зарыцы ў 2009 годзе
Здымкі harodnia.com i wikimedia.org