Плюсы і мінусы мінулых выбараў

Гэты паказчык ніжэйшы толькі за Магілёўскую ды Віцебскую вобласці. Так кажуць улады, падкрэсліваючы станоўчыя вынікі гэтага палітычнага мерапрыемства.

 

Мы пацікавіліся ў прадстаўнікоў розных партый, якія прадстаўлены ў нашым горадзе, як яны ацэньваюць гэтыя выбары і, галоўнае, што яны будуць рабіць надалей, не прайшоўшы ў Палату прадстаўнікоў.

 

align=”left” >Зміцер Бандарчук, былы кандыдат у дэпутаты ад кампаніі «Гавары праўду»:

 

Вынікі парламенцкай кампаніі сталі пацверджаннем тых чаканняў, якія былі яшчэ ў пачатку года. Захавалася практыка назначэння дэпутатаў, а не іх выбараў. Гэтаму садзейнічала і вялікая колькасць адмоў у рэгістрацыі кандыдатаў па надуманых прычынах, адсутнасць рэальнага дыялогу паміж кандыдатамі, вызначэнне непублічных месцаў для агітацыі, у тым ліку пікетаў, нерэгістрацыі сябрамі выбарчых камісій прадстаўнікоў кандыдатаў і іх партый, захаванне практыкі прымусу да датэрміновага галасавання і, зразумела, немагчымасць рэальнага падліку галасоў.

 

Для «Гавары праўду» ў гэтых умовах галоўнай мэтай была папулярызацыя «Грамадзянскай дамовы», якая дае пэўнае разуменне таго, што актывісты кампаніі:

– займаюцца рэальнымі справамі, а не толькі дэкларацыямі;

– займаюцца вырашэннем пытанняў грамадзян да і пасля выбарчых кампаніяў;

– дабіваюцца праўды ад чыноўнікаў па ўсёй Беларусі, а не толькі ў Мінску;

– гатовыя працаваць з усімі, хто сам гатовы працаваць, а не чакаць светлай будычыні з Захаду ці Усходу, ад улады ці ад апазіцыі.

Гэтым і будзем надалей займацца.

 

Аляксандра Васілевіч, Гарадзенская арганізацыя Аб’яднанай грамадзянскай партыі:

 

З плюсаў я магу вылучыць тое, што ўсе чальцы арганізацыі мелі магчымасць паспрабаваць сябе ў ролі спікераў партыі. З мінусаў – адсутнасць актыўнай кампаніі па зборы подпісаў, распаўсюдзе інфармацыі. Можна нават дадаць ляноту партыйцаў. Не было адзінай згуртаванай каманды для таго, каб людзі працавалі разам дзень пры дні.

 

 

Павел Станеўскі, намеснік старшыні Гарадзенскай абласной арганізацыі Беларускай партыі левых «Справядлівы свет»:

Плюсамі гэтай выбарчай кампаніі можна назваць тое, што мы заявілі пра сябе – падрыхтавалі 21 тысячу ўлётак для аднаго горада. Гэта вялікі задзел для трох нашых кандыдатаў. Мы таксама праз створаны намі інфармацыйна–аналітычны цэнтр распаўсюджвалі інфармацыю для гарадзенцаў і не толькі. У нас было па кандыдаце і ў Слоніме, і ў Лідзе.

На нашую партыю вельмі паўплывала змена назвы і цяперашняя кампанія была піярам новай назвы.

 

З мінусаў адзначу тое, што дэпутатаў не выбіралі, а прызначалі. Таксама перакосы ў выбарчым заканадаўстве. Людзі ж самі абралі байкот. Многія прадстаўнікі ўлады хадзілі па дамах і ўгаворвалі галасаваць.

 

Вадзім Саранчукоў, кіраўнік Гарадзенскай гарадзкой арганізацыі Партыі БНФ:

 

З плюсаў магу адзначыць тое, што мы мелі магчымасць данесці да насельніцтва хоць нейкую інфармацыю пра сябе. Гэта вельмі важна – паказаць альтэрнатыву.

 

Мінус гэта тое, што па сутнасці выбараў не было. У краіне, на жаль, нічога не зменіцца. Зменяцца толькі людзі ў Палаце прадстаўнікоў, якія будуць працаваць, зыходзячы з намечанга дзяржаўнага курса. Нашая задача пільна назіраць за тым, ці выбраныя гарадзенскія дэпутаты выконваюць свае абяцанні.