У Гродне з’явіўся Музей спорту і эка-турызму
Адкрыццё музея, якое было прымеркавана да міжнароднага дня турызму (27.09), было сумешчана са святам і канцэртам: з парогу гасцей вітаў майстар спорту па шахматах Уладзімір Верамейчык, які тут жа праводзіў сеанс адначасовай гульні з ліцэістамі, а скончылася імпрэза выступам ліцэйскай чарлідэрскай групы «Тарнада».
Чэмпіёны Аляксандр Курловіч, Іван Ціхан і ўдзельніца апошняй алімпіяды ў Лондане Наталля Карэйва пакінулі ў музеі аўтографы і некаторыя памятныя рэчы.
«Праца над музеем ішла цягам 10 месяцаў, – распавядае метадыст ліцэя Алена Фіронава, – за гэты час атрымалася сабраць даволі цікавыя экспанаты: напрыклад, унікальны значак вайскова-спартовага клуба Гродна з 1930-х ці мяч з аўтографамі гульцоў ФК «Барусія Дортмунд». Некаторыя экспанаты прыносілі самі настаўнікі і адміністрацыя, некаторыя даводзілася купляць у калекцыянераў».
Дагэтуль у першым ліцэі ўжо існавалі 3 музейныя пакоі ды адзін паўнавартасны музей, прысвечаны гісторыі педагогікі Гарадзеншчыны, створаны вядомым краязнаўцам Алесем Госцевым.
«На двары мы зараз маем таксама пляцоўку экалагічнага турызму з альтанкай, кастрышчам, сажалкай, – працягвае Алена Фіронава, – яна можа зацікавіць не толькі біёлагаў: напрыклад, у верасні там ужо праводзіліся ўрокі беларускай літаратуры. Чытаць вершы на свежым паветры для вучняў, думаю, прыемней, чым у класе».
Фота Уладзіміра Выдзеркі і аўтара