Баранавічы: мікрараён, у якім нічога няма
Баранавічы актыўна будуюцца: у траўні гэтага года на адкрытым аўкцыёне выстаўляўся шэраг участкаў без камунікацый памерам 10-11 сотак з пачатковым коштам 40,5 – 64,5 мільёны рублёў. Кажуць, што кошты апошнім часам выраслі ледзь не ў паўтары разы: ад 5000 да 8000 даляраў.
Бліжэйшая крама – вясковы “Лагазін”
У плане інфраструктуры Баранавічы застаюцца самым занядбаным міркараёнам сярод падобных («Зарыца» ды «Паўднёвы»). На дадзены момант тут няма ані школы, ані лякарні, ані пошты, ані запраўкі, ані царквы альбо каплічкі. Сваіх дзяцей жыхары катэджаў аддаюць у школу, якая раней адносілася да вёскі Ласосна – дабрацца да яе можна хіба на аўтобусе альбо на аўто.
Бліжэйшая школа – у былой вёсцы Ласосна
Да Баранавічаў ходзяць два гарадскія маршруты: №4 і 35. «Апошні рэйс з горада – недзе а 22-й, таму калі спазніўся застаеццца толькі таксоўка, – распавядае Іра, жыхарка катэджа. – Чаканне аўтобуса зімой па паўгадзіны – не самы прыемны занятак. Бывае, што і не прыйдзе наогул… Раней ездзілі яшчэ маршрутныя таксі, аднак кіроўцаў прымусілі хадзіць згодна раскладу, а ўдзень для іх гэта не мае сэнсу».
Назва садовага таварыства на невядомай мове
Побач лецішчы, таму, са словаў мясцовых, улетку ў аўтобус не ўлезці. Тады ж здараюцца і сацыяльныя канфлікты: напрыклад, калі дзёрзкія дзеці бізнэсоўцаў адмаўляюцца саступаць месцы немаладым і не такім заможным дачнікам. Першыя маюць жалезны аргумент: «аўтобус пусцілі для нас», другія ў адказ прапаноўваюць «патрымаць спачатку вілы ў руках», «жыццё пражыць…».
Замест пустазелля тут мелася стаяць царква
Нейкі час таму жыхары арганізаваліся ў праваслаўную грамаду, пачалі збор сродкаў на будаўніцтва храма. Аднак гарвыканкам зямлю даваць адмовіўся: маўляў, зашмат недабудаваных сакральных аб’ектаў у горадзе. Таму праваслаўны святар кожную нядзелю спрабуе ладзіць служэнне пад адкрытым небам, каля аўтобуснага прыпынка… Бліжэйшая царква, Уладзімірская, заўсёды перапоўненая, бо абслугоўвае большую частку занёманскіх жыхароў. Касцёл крыху бліжэй: за пару кіламетраў у каталіцкай вёсцы Адамавічы.
Некаторыя катэджы будуюцца яшчэ з 90-х
Большасць насельнікаў – прадпрымальнікі, якія ўзялі тут зямлю яшчэ ў 90-я, часам не скончыўшы сваёй будоўлі з таго часу. Сярод уладальнікаў участкаў ёсць і гаспадар панчошнай фабрыкі «Контэ». Раней жылі некалькі замежнікаў-бізнэсоўцаў: з Галандыі ды Італіі.
Будынак уладальніка фабрыкі “Контэ” схаваны за парканам
Назвы новых вуліцаў – вяршыня паліткарэктнасці: Рабінавая, Блакітная, Пясочная. Тая ж «Блакітная» мала каму падабаецца з-за асацыяцыяў, але назва ўжо адносна старая. «Наступную назавуць хіба “Кампосцерная”», – жартуюць няўрымслівыя дачнікі ў транспарце.
У далечыні – гмахі занёманскай часткі горада
Так, пасёлак цяпер лічыцца мікрараёнам – аднак у чым гэта мае адчувацца? Хіба толькі ў двух гарадскіх маршрутах, якімі можна сюды дабрацца… Баранавічы ды падобныя ім катэджныя раёны – патэнцыйнае месца жыхарства сярэдняга класу, класу ўласнікаў і гаспадароў, па прыкладзе заходніх краінаў. Вопыт такі ёсць: за міжваеннай Польшчай ваколіцы горада акурат забудоўваліся падобнымі асабнякамі вайскоўцаў ды настаўнікаў. У мясцовых бюджэтаў сучаснай Беларусі пакуль не знаходзіцца сродкаў на якасныя камунікацыяі ды інфраструктуру ў катэджных пасёлках. Таму, відаць, прыйдзецца яшчэ пачакаць, зрэшты як і на з’яўленне ўплывовага сярэдняга класу ў краіне.
Здымкі аўтара