Кніга, за якую звальняюць з працы

Тым не менш, аб’ектыўна напісаная кніга па гісторыі Горадні ўжо стала бібліяграфічнай рэдкасцю, яе немагчыма набыць у кнігарні і цяжка знайсці ў бібліятэцы.

 

Кнігу «Гродназнаўства» трэцім выданнем выдалі ў Польшчы ў серыі «Гарадзенскай бібліятэкі». З-за яе ўчыніўся цэлы скандал, аднаго з аўтараў — Андрэя Чарнякевіча — звольнілі з выкладчыцкай працы ў гарадзенскім універсітэце імя Я.Купалы. Набыць кнігу цяпер у Горадні папросту нерэальна.

 

Паводле аднаго з укладальнікаў, Эдварда Дзьмухоўскага, кнігі, выдадзеныя ў серыі «Гарадзенская бібліятэка», у крамы нават не трапілі, а разышліся імгненна на прэзентацыях.

 

align=”left” >«Прэзентацыі ладзіліся як афіцыйныя, так і неафіцыйныя. Зацікаўленасць і запатрабаванасць былі вельмі вялікія. Людзі бралі не па адной, а па некалькі кніг, дзеці набывалі, настаўнікі набывалі».



Гэта было ўжо трэцяе выданне, ілюстраванае новымі здымкамі, каляровае, выдадзенае на дарагой паперы. Яно выразна адрознівалася ад двух папярэдніх, якія былі выдадзеныя гарадзенскім універсітэтам. Універсітэцкія выданні трапілі і ў кнігарні Горадні, але, запытаўшыся пра «Гродназнаўства», можна пачуць тыповы адказ:


Прадавачка: «Не, няма. Даўно ўжо яе прадалі. Прынамсі бліжэйшым часам яе не будзе…»

А вось у краязнаўчым аддзеле абласной бібліятэкі на маё пытанне, ці ёсць у іх «Гродназнаўства», адказалі наступным чынам:

Спадарыня: «Так, ёсць такая кніга, але зараз яна выдадзена чытачам».

Карэспандэнт: «А чыё ў вас выданне гэтае кнігі?»

Спадарыня: «У нас два выданні: універсітэцкае і тое, якое нядаўна выдалі ў Польшчы».

Карэспандэнт: «А польскае выданне не пад забаронай?»

Спадарыня: «Пакуль што не».

 

Нягледзячы на такую папулярнасць кнігі, гісторыкі лічаць, што выдаваць дадатковы наклад не варта. Укладальнік «Гродназнаўства» Эдвард Дзьмухоўскі кажа, што кніга ўжо фактычна састарэла.

Дзьмухоўскі: «Гэта вынік працы канца 80-х — пачатку 90-х гадоў, а зараз пра Горадню з’явілася шмат новай навуковай інфармацыі, якую трэба апрацоўваць, столькі новых фактаў раскрыта. І новую кнігу варта выдаваць паводле новых дасьледаванняў і матэрыялаў».

 

Аўтарытэтны гарадзенскі гісторык Алесь Смалянчук таксама схільны да таго, што па гродназнаўстве трэба рыхтаваць новую кнігу. І вось што яму перш за ўсё хацелася б бачыць у ёй:

 

«Вельмі важна, каб на горад паглядзець не на як беларускі ці савецкі, а на горад розных народаў, даследаваць пэўную супольнасць — нацыянальную, сацыяльную ў ранейшы час, бо не хапае такога рэальнага жывога чалавека. Я не маю на ўвазе Стэфана Баторыя альбо князя Вітаўта ці Антонія Тызэнгаўза — пра іх шмат напісана. А вось нестае пра звычайных простых гараджанаў».


 

Звольнены з універсітэту адзін з аўтараў «Гродназнаўства» Андрэй Чарнякевіч таксама лічыць, што наклад скандальнае кнігі не варта дадрукоўваць, каб не падстаўляць больш людзей, якія могуць пацярпець, як і ён.

 

«Таму што адна кніжка тут надвор’я не стварае, як і звальненне аднаго выкладчыка. Але калі агульна будзе скасавана ўся сістэма, усе намаганні, якія былі зробленыя дзеля гісторыі Горадні і яе вывучэння, то тады гэта будзе больш значная страта».