Атмараві: пра гарадзенскіх гледачоў, бізнэс і новы дыск
Не так даўно ён прадставіў у інтэрнеце свой новы альбом пад назвай «Путь белых облаков», некаторыя кампазіцыя з якога і былі прэзентаваныя на канцэрце, што прайшоў на эксперыментальнай пляцоўцы «ОфицерOFF» у Гродне 29 верасня.
Мы трапілі на рэпетыцыю і наладку абсталявання: даволі цікава было паглядзець, як гэта адбываецца знутры.
Да канцэрта яшчэ гадзіна. У залі нікога акрамя Атмараві, гукарэжысёра і яшчэ некалькіх, на першы погляд вельмі занятых хлопцаў.
Наладка абсталявання – працэс няхуткі, усё павінна быць так, каб падчас канцэрта не было ніякіх нечаканасцяў. Хаця канцэрт лакальны і невялікі – працэс ад гэтага не становіцца менш складаным. Галоўнае – якасць гучання. На падлозе невялікай сцэны – хаос правадоў.
«Як вы з гэтым разбіраецеся?» – пытаю. Гукарэжысёр усміхаецца і бяжыць за пульт, Раві працягвае настройвацца. «О, вось тут прыемна пайшло», – махаючы рукой кудысьці, кажа ён і працягвае граць.
Сяджу і слухаю. З’яўляецца адчуванне, што музыка спявае толькі для мяне. Адчуванне прыемнае, нават не верыцца. Некалькі разоў аглядваюся: акрамя мяне і фатографа ў залі сапраўды нікога няма. Нават хлопцы і гукарэжысёр кудысьці зніклі.
Нарэшце апаратура наладжана, некалькі песень адыграна і Атмараві падсаджваецца да нас. Настройвае гітару, паралельна распавядае пра сябе і сваю творчасць. У першую чаргу цікаўлюся новым альбомам:
Які гэта альбом «Путь белых облаков»?
Гэта спроба звесці мой вопыт медытацыі і індыйскую форму мантры, калі паўтараецца адна і тая ж фраза, а таксама рускую мову, на якой я і выконваю свае песні. Падчас канцэрта такая мантра дае магчымасць аўдыторыі вывучыць дастаткова хутка словы і спяваць разам з выканаўцам.
Працу над альбом мы пачалі ў 2010 годзе, аднак працавалі над ім не пастаянна, бо была занятасць рознымі іншымі справамі. Таму толькі ў чэрвені 2012 усё было гатова. На сваіх канцэртах я імкнуся сеё-тоё прадставіць з новага альбома, але гэта не стоадсоткавая яго прэзентацыя. Тым больш, гэтыя песні складана прадставіць у кантэксце рок-бараў і рок-клубаў.
Не надакучылі такія пляцоўкі?
Не. Справа ў тым, што людзі самі вырашаюць, ці дарослыя яны. На аднаго і таго ж выканаўцу можа прыйсці розная публіка, калі ён выступае на стадыёне ці ў канцэртнай зале, напрыклад.
Ці адрозніваеца гарадзенская публіка ад публікі ў іншых гарадах?
Думаю, не. Публіка як публіка. Адзінай, якая для мяне неяк адрознілася ад іншай, была публіка ў Белгарадзе. Але гэта толькі з-за таго, што яна больш згуртаваная, напэўна.
У Беларусі ў вас толькі два канцэрты: у нас і ў Мінску. А што далей?
Далей… Я вяртаюся ў Піцер.
Чаму вы пераехалі жыць менавіта ў гэты горад?
Кожнаму выканаўцу патрэбна свая сцэна, сваё асяроддзе. У Пецярбурзе ёсць тое асяроддзе, тая атмасфера, якой няма, напрыклад, у Мінску. Там нашмат лягчэй нешта рабіць, ёсць людзі, якія могуць сабе дазволіць займацца менавіта творчасцю і не падпрацоўваць, як гэта, на жаль, ёсць на Беларусі.
Тады творчасць – гэта бізнэс ці хобі?
Натхненне гэта сачыненне, а вось канцэрты – рамяство. Але без выступаў спявак не навучыцца працаваць з публікай. І гэта могуць быць любыя пляцоўкі. Нездарма ж можна знайсці выступы ўжо вядомых выканаўцаў у коледжах ці ў нейкіх спартовых залах. Працы з публікай не навучышся на репэтыцыйнай кропцы.
Слова «бізнэс» у нас чамусьці ўспрымаецца, як лаянка. Але нічога дрэннага ў ім няма. Гэта добра, калі творчасць можа прыносіць грошы. Бізнэс – гэта незалежнасць.
Атмараві – аўтар музыкі і тэкстаў, клавішнік і гітарыст, спявак. У 1995 годзе самастойна стварыў і запісаў дэбютны альбом, пасля чаго выступаў у складзе гурта “Арыгато”. З 2003 года займаецца сольнай кар’ерай, працуючы ў стылі электра-року. Выступае з клубнымі і кватэрнымі канцэртамі ў Расіі, Украіне, Беларусі, Германіі. Арганізатар канцэртаў гурта “Акварыум” у Германіі (1999, 2000). У 2006 годзе песня “Твая валюта” трапіла ў інтэрнэт-праграму кампаніі “Coca-cola” – “Coke on iTunes Podcast”. Рэпертуар пераважна на рускай мове. |
||