Як гарадзенцы ацэньваюць магчымую плату за наведванне паліклінікі?

|

 

«Хай лепей спачатку заробак дадуць добры, а потым бяруць грошы з народу. Гэта не выйсце з такога становішча. Мы ў крайнім выпадку ідзем да доктара, не надта высокі ўзровень лячэння ў нас. Там адна дарога: або бальнічны атрымаць, або, як мы кажам, на стадыён, дзе знаходзяцца могілкі».

 

«Я думаю, гэта катастрофа будзе для старэйшых людзей, хаця ўсе сёння маюць патрэбу ў медыцынскім абслугоўванні. Вось што было б разумна, так гэта ўзняць узровень дактароў».

 

«Не народ, а дзяржава ўзяла на сябе абавязак бясплатнага лячэння. Я хацеў бы сказаць кіраўнікам нашай дзяржавы, што за базар яны адказваюць, каб выконвалася патрабаванне Канстытуцыі аб тым, што кожны грамадзянін Беларусі павінен мець дастойныя медыцынскія паслугі».

 

«Можам і заплаціць, калі гэта трэба будзе, здароўе даражэйшае за любыя грошы. Не, як кажуць філосафы, бясплатны толькі сыр у пастцы на мышэй».

 

«Супраць усякай даплаты. Мы ўсё жыццё плацілі страхавыя ўзносы, працавалі па сорак і больш гадоў, павінны зараз абслугоўвацца бясплатна зусім! Сёння ў нас мала таго, што лекі дарагія вельмі, а вы яшчэ хочаце, каб мы плацілі за тое, паслухае нас доктар ці не».

 

«Супраць і ўсё».

 

«Трэба плаціць. Я ў Германіі жыву, у нас іншыя законы. Я трыццаць гадоў там жыву, замуж выйшла».

 

«Калі хочам лячыцца нармальна, то мы і так плацім. Так што будзем плаціць, як раней, і даплачваць яшчэ асобна».

 

«Часткова правільна. Я параўноўваю са сваёй дачкой, яна жыве за мяжой. Вось яна зубы свайму кату пачысціла, чатырыста еўра заплаціла. А я пайшоў, мне зуб выдалілі, абязболілі, я заплаціў пяць тысяч дзвесце рублёў, што гэта за грошы? Смешна!».

 

«Няправільна гэта. Таму што ў нас не сто працэнтаў выплачваюць заробак, яны кажуць — “мы сацыяльна дапамагаем людзям”, а насамрэч падманваюць, бяруць за ўсё плату. Паўсюль, дзе не прыйдзеш, трэба плаціць».

 

Здымак gcgp.by