Новае выданне па гісторыі Слонімшчыны ад Сяргея Чыгрына
Выданне ўнікальнае, саліднае і сур’ёзнае, прысвечанае Слонімшчыне, яе гісторыі і помнікам, а таксама знакамітым людзям, якія адтуль родам.
Падобнага выдання пра Слонім у Беларусі яшчэ не было. Шматгадовая праца аўтара вяртае чытачоў у Слонім Льва Сапегі, Міхала Казіміра Агінскага, у Слонім 1812 і 1863 гадоў, у час Першай і Другой сусветных войнаў.
Даследчык цікава піша пра падзеі, якія не абміналі Слонімшчыну ў 1920-1930-х, пра людзей, якія там жылі, працавалі, змагаліся за родную мову і незалежнасць Беларусі.
Шмат новага і ранней невядомага чытачы даведаюцца, калі прачытаюць артыкулы пра жыццёвы і творчы шлях Валянціна Таўлая, Кандрата Лейкі, Сяргея Дарожнага, Лукаша Дзекуць-Малея, Генрыха Мілачэўскага, Анатоля Іверса, Якуба Міско, Міхаіла Міско, Алега Лойку і іншых больш вядомых і менш вядомых слонімцаў.
Ёсць у кнізе і раздзел інтэрв’ю. Асабліва выдатна чытаецца гутарка аўтара кнігі з Янкам Саламевічам (1938-2012), знакамітым слонімцам-энцыклапедыстам, фалькларыстам, калекцыянерам і літаратуразнаўцам. Сяргей Чыгрын запісаў яе ў 2010 годзе.
Прадмову да кнігі напісаў доктар філалагічных навук, прафесар Адам Мальдзіс. Ён піша:
«Слонімшчыне сапраўды пашанцавала, што на яе тэрыторыі нарадзіўся і цяпер жыве такі пісьменнік-краязнавец, як Сяргей Чыгрын. Калі будзе, можа, складацца “Гісторыя Слонімшчыны” ці “Энцыклапедыя Слонімшчыны” або новая кніга накшталт “Памяці”, то цалкам мажліва, асабліва калі ўлічыць багацце матэрыялу, што вынікі росшукаў Сяргея Чыгрына, у тым ліку ўключаныя ў гэты зборнік, зоймуць там грунтоўную, а, галоўнае, адкрывальніцкую частку».
У кнізе Сяргея Чыгрына «Слонімскія падмуркі» змешчаны 106 старых і рэдкіх фотаздымкаў, многія з якіх надрукаваны ўпершыню.