У Гродне прадставілі кнігу пра забытых мастакоў
Вядомыя гарадзенскія мастакі і мастацтвазнаўцы, якія прыйшлі на прэзентацыю, распавядалі пра гэтую працу з вялікім задавальненнем.
Развіццём мастацтва ў рэгіёне Наталля зацікавілася яшчэ тады калі ў касцеле, дзе бралі шлюб яе бацькі, пабачыла выяву Святога Губерта. У выніку гэты абраз мастачкі Луцыі Балзукевіч трапіў на вокладку кніжкі. Дарэчы, жаночаму мастацтву даследчыца надае асаблівую ўвагу.
Пра кнігу «Твайму стылю» распавяла сама Наталля, якая стала жыве і працуе ў Нямеччыне:
«У 1860–1930 гады з Гарадзеншчынай была звязаная творчасць цэлай плеяды мастакоў, якія пакінулі значны след у гісторыі мастацтва і жывапісу вялікага цэнтральнаеўрапейскага рэгіёна, які ахоплівае сёння Беларусь, Літву і Польшчу. Сярод іх такія вядомыя мастакі, як Казімір Альхімовіч, Уладзімір Стаўроўскі. Ёсць і менш знаныя творцы: Марыя Гажыч, Марыя Магдалена Бутаўт-Анджэйковіч, Майсей Ляўбоўскі і шмат якія іншыя. Без іх творчых здабыткаў немагчыма ўявіць жывапіс Гарадзеншчыны і Беларусі ў цэлым. Праз тэматыку, сюжэты, асобныя матывы і філасофска-эстэтычныя падыходы менавіта гэтага перыяда, які вызначаўся вялікімі сацыяльна-палітычнымі зрухамі кантынентальнага масштабу, я актыўна вывучала багатую гісторыка-культурную спадчыну мастакоў Гарадзеншчыны».
Наталля распавяла пра свае пошукі творцаў, іх дзённікаў і спадчыны. Гучала гэта так, быццам наступным разам яна напіша прыгодніцкі раман пра свае падарожжы да манашак назарэтанак у Варшаву, пра падарожжы па Ваўкавышчыне з вядомым краязнаўцам і збіральнікам Міколам Быхаўцавым.
Пасля Наталлі на сустрэчы вялі рэй вядомыя гарадзенскія навукоўцы і мастацтвазнаўцы Марына Загідуліна і Аляксей Пяткевіч.
Марына Загідуліна:
«Я ведаю, што інспіраваў гэта Яўген Шумейка, які даўно казаў, што трэба напісаць пра мастакоў Гарадзеншчыны. Нейкія спробы рабіла і я ва ўзросце Наталлі, але гэта скончылася амаль што нічым. Я ведаю, што Таццяна – мама Наталлі – працавала ў гэтым накірунку. А ў самой Наталлі, відаць, добра супалі рысы характару і інтэлект: у выніку яна зрабіла вельмі добрую працу.
Я больш за 20 год выкладала гісторыю выяўленчага мастацтва Беларусі ў нашым універсітэце, і як ніхто ведаю, што матэр’ялаў практычна няма. Адзінае што было – гэта кніга Дробава. Некаторыя даследчыкі капаюць штосці: напрыклад, выйшла кніжка Харэўскага «Гісторыя беларускага мастацтва». Там цэлыя кавалкі з Дробава і з маіх сціплых артыкулаў.
Кнігу Наталлі я лічу подзвігам. Я яе вельмі чакала».
Прафесар Пяткевіч такім чынам распавядаў пра стварэнне гэтага фаліянта:
«Гісторыю беларускага мастацтва ніхто не браўся даследваць, таму што ў савецкі час гэта лічылася дурным тонам. Гэта значыць, трэба было даказваць, што Беларусь, дакладней БССР, якая стала цывілізаванай толькі з часу Кастрычніцкай рэвалюцыі, насамрэч мае за плячыма вялікую культуру. Хто на гэта мог асмеліцца?
Некалі я прывез студэнтаў у Мінск у мастацкі музей. Прафесійны экскурсавод вельмі добра каментаваў экспазіцыю, але ён нідзе не ўжыў тэрмін “беларускі мастак”. Я тады адвёў яго ў бок і кажу: “Чаму вы не ўзгадалі пра беларускіх мастакоў?”. І ён мне тонам мэтра адказаў: “А разве есть беларуские мастаки?”.
Калі казаць пра працу Наталлі, то ў тыя часы, нават калі б яна ўсяго толькі ўвяла нейкія факты, гэта ўжо была б авантура. Яна ж увяла шмат імёнаў, твораў, яна стварыла канцэпцыю – зрабіла тое, што трэба рабіць кожнаму навукоўцу».
Спадар Аляксей сказаў, што працу над гэтай тэмай трэба працягваць: патрэбны ўклад многіх людзей, праца ў архівах гарадоў Еўропы і Расіі. «Але тое, што яна зрабіла заслугоўвае самай высокай ацэнкі, увагі і папулярызацыі. Кніга абяцае быць цікавай».
Прысутныя чакалі саму кнігу каля гадзіны і нарэшце яна з’явілася. Гэта былі першыя 50 аўтарскіх асобнікаў, якія будуць раздадзеныя бібліятэкам горада. Кніга стала 21-ым выданнем серыі «Гарадзенская Бібліятэка».
Здымкі Сяргея Апановіча і Ксеніі Асманавай