У калекцыі музея Максіма Багдановіча з’явіліся лісты Зоські Верас
У фонды трапілі 5 лістоў, 2 паштоўкі і кніга з аўтографам Зоські Верас.
Яўген Петрашэвіч:
– Я спаткаўся з Зоськай Верас дзесьці ў 1963-ім годзе ў Гудзевічах, у маёго дваюраднага брата Алеся Белакоза. Яна прыязджала з сваім пляменнікам. Некалькі дзён мы правялі ў Гудзевічах, мелі вельмі цікавыя гутаркі. Яна многа распавядала пра гарадзенскія суполкі, у якіх калісьці ўдзельнічала: як праводзілі вечарыны, бавілі час, марылі.
Пасля гэтай адзінай сустрэчы пачалася перапіска, якая доўжылася больш за 20 гадоў.
Яўген Петрашэвіч:
–Мы віншавалі адзін аднаго са святамі, Зоська Верас дасылала тэксты песень, якія збірала як фалькларыстка, даслала сваю песьню “Не кукуй зязюленька так раненька”. Гэта была вельмі яркая асоба ў Беларусі, вельмі добры чалавек. А кожны добры чалавек павінен мець пра сябе песьню. Вось я зрабіў песьню на ўласныя словы “Беларусачка Зоська Верас”.
Прэм’ера песьні адбудзецца сёння на вечарыне, якую Гродзенскі музей Максіма Багдановіча ладзіць у памяць Зоські Верас у памяшканні Гродзенскай выставачнай залі.
Здымак http://tutgrodno.com