Лідскі замак: ёсць недапрацоўкі, бо працуюць звычайныя будаўнічыя брыгады

Генадзь Конан, намеснік дырэктара кампаніі «Святавіт», арганізатар анімацыйных праграм у Лідскім замку:

 

Я не хачу пакрыўдзіць аўтара рэпартажа, але кожны бачыць тое, што хоча. Ён і ў Парыжы знойдзе бруд. Вядомая фраза «Дурню полову працы не паказваюць» вельмі пасуе да нашай сітуацыі. Сэнс у тым, што замак рэстаўруецца, у эксплуатацыю ён не аддадзены. Сёння ён – будаўнічы аб’ект і, як на кожным такім аб’екце, можна знайсці адпаведныя ракурсы. Па прыгожы малюнак не на будову трэба ісці, бо там яго не знойдзеш. Пачакаем сканчэння прац – тады і будзем ацэньваць. Сёння выносіць канчатковы вердыкт пра якасць рэстаўрацыі замка – няправільна.

 

Тое, што замак не зачынены, прымае турыстаў – вельмі добры паказчык. У нас ёсць магчымасць праводзіць анімацыйныя праграмы. Якім не быў бы прыгожым замак, без анімацыі і экскурсійных праграм ён будзе мёртвым аб’ектам. Турысты едуць не столькі каб паглядзець на сам замак, ён хутчэй як фон. Ім патрэбна атмасфера Сярэднявечча, дух даўніны…

 

З будаўнікамі мы мірна суіснуем, не перашкаджаем сабе наўзаем. Больш слушна было б закрыць замак і нікога не пускаць, але быў знойдзены кампраміс. Ёсць выдзеленая турыстычная зона, дзе няма будаўнічых механізмаў. Яна агароджаная і бяспечная. Замак нічога ад гэтага не згубіў, горад таксама. Турысты прыязджаюць і з задавальненнем глядзяць нашыя анімацыйныя праграмы.

 

Уладзімір Самсонаў, кіраўнік аддзела культуры Лідскага райвыканкама:

 

Недапрацоўкі маюць месца, бо рэстаўрацыйныя працы вядуць звычайныя будаўнічыя брыгады. У нас няма адмыслова навучаных майстроў або рэстаўрацыйных майстэрняў. Але я ўпэўнены, што да сканчэння працаў, то бок да 2015 года замак будзе мець дастойны выгляд. У праекце закладзена выпраўленне ўсіх дапушчаных памылак.

 

Сёння ў замку ідзе рэканструкцыя і здымкі з рэпартажа скажаюць прадстаўленне аб рэальнасці. Да канца прац яшчэ тры гады. Запрашаем аўтара ў Ліду праз гэты час. Веру, што ён з’едзе ад нас у зусім іншым настроі.

 

Здымак vandrouka.by