Аляксей Пяткевіч: «Яна была чорнарабочай грамадска-культурнага руху»
Вечарыну да 120-годдзя з дня нараджэння Зоські Верас падрыхтавалі супрацоўнікі музея Максіма Багдановіча сумесна з навучэнцамі каледжа мастацтваў.
Напачатку імпрэзы гледачы пабачылі паэтычную пастаноўку, прысвечаную Зосьцы Верас і Максіму Багдановічу, якія ў 1916-17 г.г. працавалі ў Менску ў таварыстве дапамогі пацярпелым ад вайны.
«Вясёлы, апрануты ў беларускую кашулю» – менавіта такі вобраз Максіма Багдановіча застаўся ў памяці Зоські Верас.
Удзел у імпрэзе ўзялі гарадзенцы, якія доўгі час ліставаліся з Людвікай Савіцкай (сапраўднае імя Зоські Верас).
Па словах прафесара, літаратуразнаўцы Аляксея Пяткевіча, яна была «чорнарабочай грамадска-культурнага руху» ды бралася за ўсе абы на карысць беларускай справы.
«Падчас візіту Зоські Верас у 1972 годзе ў Гродне, мне хацелася паказаць ёй сучасны горад, але хутка заўважыў, што ёй нецікава. Тады мы накіраваліся да старых вулачак і да таго месца, дзе жылі яе дзядуля і бабуля, што на рагу вуліцы Кірава і Сацыялістычнай».
Выкладчыца ГрДУ Алена Руцкая ўзгадала пра візіт да Зоські Верас у лясную хатку, дзе была ўражана шафамі з матэрыяламі, у якіх ўсё было аформлена вельмі акуратна. Менавіта з таго часу Алена ўзяла за правіла, што з паперамі трэба абыходзіцца акуратна.
Міхась Скобла і Таццяна Матафонава таксама ўшанавалі памяць зямлячкі. Паэт – словам, спявачка – песняй.
Спадар Міхась рыхтуе да выдання двухтомнік эпісталярнай спадчыны Зоські Верас, куды ўвойдуць мастацкія творы, ўспаміны, лісты, батанічны слоўнік і энцыклапедыя паэткі. Першы том выдання будзе цалкам прысвечаны Гарадзеншчыне.
Рукапісная «энцыклапедыя» Зоські Верас была адказам на тое, што ў першую афіцыйную беларускую энцыклапедыю з-за цэнзуры не магло трапіць шмат выбітных асоб. Таму дзеячка стварала свае энцыклапедычныя зацемкі са здымкі вядомых беларускіх дзеячаў, часта рэпрэсаваных і не заўсёды рэабілітаваных. Арыгінал энцыклапедыі Скобла паказаў прысутным. З сабой ён меў таксама апошні ліст напісаны рукой Зоські Верас, у якім яна пыталася: «Як справы ў Гродне?».
Таццяна Матафонава заспявала некалькі песняў, адна з якіх на словы Уладзіміра Дубоўкі, дзе ў тэкст устаўлена знакамітае чатырохрадкоўе Ларысы Геніюш.
У канцы вечарыны заспявалі ўдзельнікі ансамбля «Гасцінец» з песняй «Беларусачка Зоська Верас» на словы гарадзенскага кампазітара Яўгена Петрашэвіча.
Па словах спадара Яўгена, песня ўзнікла як вынік кантакту праз лісты. Такім чынам перадавалася энергія людзей, якія падымалі пласт культуры на Гарадзеншчыне.
Здымкі Аляксея Шоты і Юлі Каляды