Часопіс «LO_ok»: рознакаляровыя шматкі радаснай творчасці

|

Недзе ў канцы мінулага сезона, калі мы грымелі на ўвесь свет чарговым фэстам «Твой стыль», даволі нечакана для ўсіх з’явілася сімпатычная знешне брашурка з даволі мілай вокладкай. Другі нумар выйшаў у ціхае міжсезонне і трапіў акурат у пустуючы летні горад. А калі з’явіўся трэці выпуск стала зразумела адно – цэляць стваральнікі «брашуркі» высока.

 

Калі першы нумар вельмі хутка павандраваў у сметнік, то наступныя – на паліцы, каб у будучыні стаць наглядным прыкладам поспехаў і няўдач для маладых журналістаў, крыніцай натхнення і крытыкі, нават у пэўнай ступені архівам культурнага жыцця горада. Што ж змянілася за два месяцы?

 

Няма больш здымкаў выдраных з інтэрнэта паводле прынцыпу «абы былі», з велізарнымі пікселямі і да болю нізкім dpi. Цяпер замест іх даволі якасныя ілюстрацыі, добра падрыхтаваныя да друку і па большасці свае. Амаль знікла хаатычная разнастайнасць шрыфтоў і тэмаў, з’явілася сістэматычная ўнутраная структура. Усё яшчэ сустракаюцца такія дзіўныя рэчы, як змешванне шрыфтоў у адным абзацы ці фотарэпартажы зусім без апісанняў (с. 15 у другім выпуску – для мяне сапраўдны рэбус!), але бачная выразная тэндэнцыя да паляпшэння.

 

Удалая ідэя – інфармацыя побач з некаторымі матэрыяламі пра тое, што больш здымкаў ці відэа можна знайсці на сайце (модная зараз канвергентнасць!). А вось чорныя літары на шэрым фоне – ідэя крыху горшая (с. 11-12 другога нумара).

 

Часопіс выразна ідзе ў кірунку забаўляльна-мастацкага друкавана органа нефармальнай групы крэатыўнай моладзі, робіцца вынікам радаснай нястрымнай творчасці запаленых ідэяй «рабіць сваё» студэнтаў і тых, хто ім спачувае. Гэтак дакладна не інфармацыйнае выданне – прачытайце хаця б уступ рэдактара ў трэцім нумары, каб упэўніцца.

 

Пакуль чытаеш уступнае слова рэдактара, “галава запаўняецца псіхадэлічнай лухтой”. Чык-чырык

 

Часам да болю хочацца бачыць больш канкрэтыкі. Матэрыял з Джаз-фэста, які з’явіўся ў друку два месяцы пасля падзеі (!), не дае амаль ніякай карыснай і цікавай інфармацыі пра сам фэст. Затое знайшлося месца для нечаканай цытаты «вядомага меламана» Барыса Нікалаевіча Казелкова. У інтэрв’ю з хлопцамі з «Кальяннай №4» троху менш чым цалкам складаецца з дзіўных і часам проста бессэнсоўных пытанняў.

 

І галоўнае – за рознакаляровымі шкуматамі тэмаў і аўтараў, сшытымі ніццю гарадзенскасці, цяжка пабачыць агульную канцэпцыю. А часопісаў «пра ўсё» не бывае!

 

Матэрыял пра Джаз-фэст з цытатай “аўтарытэтнага музычнага крытыка” Барыса Мікалаевіча Казялкова

 

Лёс згаданага «Поліса» – хрэстаматыйны прыклад таго, як з вялікімі сродкамі зрабіць штосці, што непрыемна не толькі чытаць, але і трымаць у руках. Пры тым, што друкаваўся ён на не самай горшай глянцавай паперы. Амбітныя планы па выпуску часопіса на CD/DVD зацягнуліся, аж пакуль часопіс не памёр сваёй смерцю – усімі забыты і нікому акрамя рэдакцыі непатрэбны. Упадак быў такі ж гучны, як словы рэдактара аб вялікай будучыні.

 

З LO_ok інакш і гэта добрая навіна! Яго стваральнікі адэкватна ўспрымаюць крытыку (у адрозненні ад стваральнікаў таго ж «Поліса»). Яны рэальна бачаць з аднаго боку свае памылкі, з другога – патрэбы чытачоў. Усё гэта, канешне, дзякуючы камандзе, якая сабралася вакол праекта. Ім бы яшчэ карэктара – абдрукоўкі і памылкі вельмі кідаюцца ў вочы, асабліва калі ў адным месцы напісана «июль» і Indorath, а ў іншым «июнь» і Irdorath.

 

Творчая творчасць 

 

Адна небяспека – ператварыцца ў вузкатусовачны літаратурна-мастацкі журнальчык «для сваіх», сысці ў радасна-вар’яцкі творчы трып і ўжо з яго не вярнуцца. Мне, як чытачу, хацелася б, каб часопіс стаяў на нагах і ў падставе меў рэальнае жыццё. Але я, пэўна, прыдзіраюся. Поспехаў, калегі!

 

     
      Найноўшы нумар часопіса «LO_ok» даступны для прагляду анлайн вось тут!