«Нёман» буйна перамог суседзяў з Брэста
У сёлетнім сезоне «Брэст» і «Нёман» сустракаліся двойчы і двойчы гульні сканчаліся з аднолькавым лікам 1-1.
Напярэдадні сустрэчы, якая адбылася 7 кастрычніка, гарадзенскім заўзятарам было неспакойна: «Нёман» у чатырох апошніх гульнях не перамагаў, а «Брэст» перамог моцныя «Гомель» і «Дынама-Мінск» ды ўсяго на 4 ачкі адставаў у турнірнай табліцы ад гарадзенцаў.
Героем сустрэчы ў складзе «Нёмана» чарговы раз стаў яго капітан. Спачатку Іван Дзянісевіч на 11-й хвіліне забіў пенальці, а затым праз пяць хвілін вызначыўся ўжо з гульні.
У канцы першага тайма арбітр прызначыў яшчэ адзін пенальці ў браму гасцей, але гэтым разам удар Дзянісевіча прыйшоўся ў перакладзіну.
Кропку ў сустрэчы ўжо ў дададзены час паставіў Вітус.
Наступную гульню гарадзенцы згуляюць 20 кастрычніка супраць найгоршай пакуль каманды чэмпіянату – наваполацкага «Нафтана».
У турнірнай табліцы «Нёман» ідзе шостым, адстаючы на пяць ачкоў ад «Мінска». Да канца чэмпіянату камандзе засталося згуляць 5 гульняў.
7 кастрычніка. «Нёман» – «Брэст» 3:0
На здымку: Іван Дзянісевіч прарывае абарону «Брэста»
Фота з архіву сайта «Нёмана»