Рэстаўрацыя палаца Агінскага ў Залессі павінна скончыцца ў наступным годзе
1,5 мільярды дае бюджэт Гродзенскай вобласці, 422 мільёны – рэспубліканскі. У бліжэйшы час грошы на рэстаўрацыю павінны паступіць у межах праекта па транспамежным супрацоўніцтве.
Аднаўленне палаца пачалося летась, пасля прыпынілася, і нарэшце працягваецца.
На сёння вядуца працы па аднаўленні галоўнага ўваходу ў палац, праводзіцца газаправод ад аграгарадка да сядзібы.
Палац Агінскага ў Залессі пабудаваны ў пачатку 19 стагоддзя віленскімі зодчымі і з’яўляецца помнікам архітэктуры класіцызму.
Тут Міхал Клеафас Агінскі – знакаміты кампазітар і вядомы грамадскі дзеяч 19 стагоддзя – пражыў больш за 20 гадоў. Тут быў напісаны і ўпершыню прагучаў знакаміты паланэз “Развітанне з радзімай”.
Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне “Беларуская Асацыяцыя клубаў ЮНЭСКА” дзеля дапамогі ў аднаўленні палацава-паркавага комплекса зладзіла ў Залессі некалькі валанцёрскіх летнікаў.