Універсітэт Залатога Веку адкрывае свае дзверы
Зала ў гарадзенскім доме культуры “Цветліт” была амаль цалкам запоўненая новымі “абітурыентамі” і мінулагоднімі навучэнцамі.
Імпрэза распачалася прывітальным словам старшыні ГА “Цэнтр “Трэці сектар” Вітаўта Рудніка, які ў гэтым навучальным годзе па сумяшчальніцтву будзе весці гурток для будучых журналістаў “Залатое пяро”, і каардынатаркі праекта Ланы Руднік. Цёплымі словамі таксама вітала прысутных старшыня Рады УЗВ Марыя Станіславіч.
Удзельнікі імпрэзы пазнаёміліся з гісторыяй Універсітэта Залатога Веку, прынцыпамі працы праекта, паглядзелі два фільмы, прысвечаныя мінулагодняму выпускному. Асобна была прадстаўленая кожная секцыя, колькасць якіх у гэтым годзе ўзрасла да 17 (!). Сярод новых можна назваць секцыі “Нямецкая мова”, “Асновы прадпрымальніцтва”, “Эсперанта”, “Мода, стыль і прыгажосць”, “Псіхалагічнае здароўе”, “Адкрыты паказ”, “Залатое пяро”. Працягнуць сваю працу секцыі па вывучэнню ангельскай, польскай, беларускай моў, “Сад мары”, “Падарожжы ў часе і прасторы”, “Йога”, “Беларускія вячоркі”, “Акадэмія мастацтваў Залатога Веку”, кампутарныя курсы і гурток па фотамайстэрству “Жыццёвы дзённік”.
Вядучыя гурткоў прадставіліся і коратка анансавалі чым хто будзе займацца. У канцы кожны жадаючы мог яшчэ запісацца ў тую ці іншую секцыю ці змяніць адну на другую.
Пра адметнасці чацвёртага набору і ўнікальнасць праекта кажа Лана Руднік, каардынатарка праграмы Універсітэт Залатога Веку:
“У гэтым годзе мы прапанавалі новую сістэму набору – спачатку ўсе ахвотныя маглі прысутнічаць на прэзентацыях (такіх прэзентацый мы зрабілі 10 для малых групаў па 12-15 чалавек), на якіх падрабязна распавядалі пра праграму, пра яе прынцыпы, пра сістэму навучання. Кожны пасля атрыманай інфармацыі прымаў рашэнне ці навучацца ў УЗВ ці не. Ахвотных было вельмі шмат: мы атрымалі каля 200 заявак, пры наяўных 100 месцах. Такая вялікая колькасць жадаючых сведчыць аб тым, што ў нашым горадзе вельмі мала асяродкаў менавіта для людзей, якія ўжо выйшлі на пенсію і адчуваюць сябе незапатрабаванымі.
Думаю, што ўнікальнасць нашай праграмы ў тым, што яна дазваляе адчуць сябе актыўным і патрэбным чалавекам, дае магчымасці развівацца ва ўсіх сэнсах. Таксама, што не менш важна, мы з любоў’ю і ўвагай ставімся да кожнага нашага навучэнца.
Для мяне УЗВ – гэта атмасфера цеплыні і ўвагі, абмену досведам, гэта выклік і вялікая частка майго жыцця. Страшна было пачынаць у 2010, бо гэта была новая для нас дзейнасць і шмат сілаў спатрэбілася, каб наладзіць працу. Ды шмат сілаў спатрэбіцца яшчэ. Але, як казала мая бабуля: “Вочы баяцца, а рукі робяць”.
Заняткі ў секцыях распачнуцца ўжо ў бліжэйшы панядзелак, 15 кастрычніка.
Гарадзенскі “Універсітэт Залатога Веку” быў створаны ў красавіку 2010 г. сябрамі грамадскага аб’яднання “Цэнтр “Трэці сектар”. |
||
За гэты час удзел у гэтай Праграме ўзяло больш за 150 чалавек ва ўзросце ад 50 да 85 год. | ||
Сёлета прыярытэт у час набору мелі асобы ва ўзросце 55+, людзі, якія наведвалі УЗВ у папярэднія гады, а таксама ахвяры сталінскіх і фашысцкіх рэпрэсій. | ||
Здымкі Юлі Каляды