ПРААН укладзе 2 мільёны даляраў на развіццё экатурызму Гродзеншчыны і Брэсцкай вобласці
Да лютага 2015 года ў стварэнне ўмоваў для рэалізацыі мясцовых ініцыятыў у сферы экатурысцкага малога і сярэдняга бізнесу на тэрыторыі Брэсцкай і Гродзенскай абласцей будзе ўкладзена 1 мільён 946 тысяч даляраў.
Адукацыйны кампанент праграмы прадугледжвае арганізацыю кампутарных курсаў як мінімум для 300 сельскіх жыхароў і прадстаўнікоў малога і сярэдняга бізнеса, навучанне гаспадароў аграсядзіб замежным мовам (60% коштаў навучання) і праграму трэнінгаў для 300 чалавек, занятых у сферы экатурыстычных паслуг.
Асноўныя сродкі пойдуць на распрацоўку стратэгіі развіцця 16 пілотных накірункаў (дэстынацый) у Брэсцкай і Гродзенскай абласцях. Будуць абраныя 16 геаграфічных тэрыторый, лінейных маршрутаў ці аб’ектаў, якія стануць мэтай для вандровак турыстаў.
Мяркуецца прафінансаваць 2 буйныя ініцыятывы з бюджэтам па 50 тысяч даляраў, яшчэ да 15 тысяч атрымаюць каля 30 тэматычных ініцыятыў няўрадавых арганізацый і суб’ектаў экатурызму.
Тэрыторыі для рэалізацыі праекта будуць абірацца на конкурснай аснове.
Заяўку на ўдзел у конкурсе можа падаць чалавек альбо арганізацыя, якія ўваходзяць у свайго роду кансорцыюм з прадстаўніка прыватнага бізнесу, грамадскіх арганізацый і мясцовай улады.
Конкурс на вызначэнне пілотных тэрыторый будзе абвешчаны напрыканцы кастрычніка.
Паводле http://vb.by
Здымак http://www.tio.by