Міністра культуры ў Гродне частавалі пірагамі і сфатаграфавалі дагератыпам
Цягам трох дзён тут будуць прадстаўлены выставы, дэманстрацыйныя праграмы большасці беларускіх музеяў, у ліку якіх дзяржаўныя, ведамасныя ды прыватныя. Апошніх у Беларусі, дарэчы, усяго 14.
Гродна для правядзення форума быў абраны невыпадкова. Менавіта наш горад часцей за ўсё называюць горадам-музеем.
Удзельнікі жартуюць: “Горад ператварыўся ў своеасаблівую музейную Мекку”.
Сапраўды, больш за 800 музейных супрацоўнікаў з усёй Беларусі цягам трох дзён пераймаюць вопыт адзін аднаго ды дзеляцца сваімі напрацоўкамі. Дарэчы, гэта вельмі важна. Не заўсёды паміж музеямі наладжана сувязь, шмат хто працуе проста навобмацак. А цікавых праектаў, прадстаўленых на першым нацыянальным форуме “Музеі Беларусі” дастаткова.
Напрыклад, Гомельскі абласны музей вайсковай славы прадставіў экспазіцыю “Музей крыміналістыкі”, дзе ўсім жадаючым паказваліся рэтра-тэхналогіі вышуку злачынцаў. Тамсама можна было паглядзець, як раней, калі не было кампутараў, рабіліся фотаробаты. Гэта сапраўды зачароўвае – супрацоўнік музея павольна перабірае празрыстыя лісты, дзе надрукаваныя часткі твару – вусны, вочы, валасы, нос, вушы. Вось і атрымаўся чалавечак. Дакладней, твар імавернага злачынца.
Вельмі багата прадстаўлена сярэднявечная гісторыя нашай краіны, а таксама войны. Асабліва 1812 год – зараз вельмі шмат музеяў займаюцца адраджэннем Напалеонаўскай эпохі, праводзяцца балі ды рэканструкцыі ваенных падзей. Традыцыйна шырока прадстаўлена вясковая матэрыяльная культура беларусаў ды Вялікая айчынная вайна.
Супрацоўнікі музеяў падыйшлі да падрыхтоўкі сваіх стэндаў вельмі сур’ёзна: акрамя проста экспазіцый было вельмі шмат інтэрактыва. Усе тры дні будуць праводзіцца майстар-класы па розных старажытных рамёствах, можна будзе пакаштаваць традыцыйныя стравы, паслухаць сапраўдную беларускую дуду, узяць візітоўкі ды рэкламныя ўлёткі.
У рамках форума запланаваныя таксама круглыя сталы, семінары-практыкумы ды выставы. Напрыклад, сёння ў гісторыка-археалагічным музеі была ўрачыста адкрытая выстава “Залаты век беларускага мастацтва”.
Падчас закрыцця форума пройдзе ўзнагароджанне пераможцаў конкурса “Музеі Беларусі – трэцяму тысячагоддзю”. Дарэчы, музеі Гарадзеншчыны прадстаўленыя ажно ў 13 намінацыях.
Здымкі Яна Лялевіча