Спраектаваная гродзенскімі музейшчыкамі выстава прызнаная найлепшай
Эксперты назвалі яе лепшай сярод 14 прадстаўленых на конкурс у намінацыі “Лепшая арганізацыя выстаўкі з фондаў музея” выставаў музейных установаў з усёй Беларусі.
Над стварэннем выставы “Прысвячэнне заснавальніку” працавалі навуковыя супрацоўнікі Андрэй Вашкевіч, Таццяна Казак, Іна Крайнева, Маргарыта Янчалоўская і музейны мастак Валянціна Шымановіч.
Загадчык аддзела найноўшай гісторыі гісторыка-археалагічнага музея Андрэй Вашкевіч:
– Выстава працавала ў музеі ў канцы 2010 – 2011 гадах. За гэты час яе наведалі больш за 5000 чалавек.
Выстава знаёміла з жыццём і творчай спадчынай Юзафа Ядкоўскага, а таксама з дзейнасцю створанага ім музея. Былі прадстаўлены музейныя прадметы з самых першых збораў музея, многія з іх экспанаваліся ўпершыню. Гэта і дакументы XVI ст., падпісаныя каралём і вялікім князем Стэфанам Баторыем, магістрацкія кнігі Гродна XVIII ст., харугва цэху шаўцоў XVIII cт., кнігі, абразы, вялікая нумізматычная калекцыя, фотаздымкі першай музейнакй экспазіцыі і графічныя працы самога Юзафа Ядкоўскага.
На конкурс мы прадставілі праект, навуковую канцэпцыю, тэматыка-экспазіцыйны план – усе магчымыя дакументы. Збіраліся таксама выявы: фота і відэа, водгукі экспертаў, наведвальнікаў, публікацыі ў СМІ.
Акрамя дыплома, Гродзенскі гісторыка-археалагічны музей атрымаў узнагароду ў памеры 20 мільёнаў рублёў.
Здымак history.grodno.museum.by