Некаторыя выпускнікі ВНУ будуць адпрацоўваць тры гады
Пасля сканчэння ВНУ выпускнікам, якія паступалі па мэтавых накіраваннях, цяпер трэба будзе адпрацаваць не менш за тры гады, а выпускнікам сярэдніх спецыяльных установаў – не менш за год.
Адпаведныя змены ўжо зробленыя ў правілы прыёму ў навучальныя ўстановы.
У 2009 годзе, па словах міністра адукацыі Аляксандра Радзькова, плануецца павялічыць набор у ВНУ.
У гэтым годзе студэнтамі стануць 32 694 чалавек, з іх 24 804 паступяць на дзённую форму навучання (на 4,5% болей у параўнанні з 2008 г.).
У той жа момант, улады незадаволеныя наборам у ПТВ. Па словах міністра, беларускія ПТВ прымаюць на 40% меней, чым яны маглі б змясціць.
Указ прэзідэнта дазваляе сёлета павялічыць колькасць студэнтаў, якія прыйдуць навучацца па мэтавым накіраванні з населеных пунктаў, у якіх жыве менш за 20 тыс. чалавек.
Зараз кожны 23 жыхар Беларусі — студэнт. Згодна з дадзенымі Нацыянальнага статыстычнага камітэту Беларусі, у 2008 у краіне навучалася 420,7 тысяч студэнтаў. Гэта напалову больш, чым было ў 2000 годзе.
На здымку: здаць іспыт любым спосабам… і паехаць у вёску.
Фота: i.i.ua