Queer: усё, што насуперак грамадству

|

Толькі калі я пачала цікавіцца гэтай тэмай, то стала разумець некаторыя рэчы. Наша грамадства гетэранарматыўнае, то бок нормай лічацца толькі адносіны паміж нармальнай жанчынай і нармальным мужчынай. Усё астатняе – фрык. Аднак форм адносін і сэксуальнасці вельмі шмат. Усю тую разнастайнасць, з якой сутыкаецца чалавек у сваім жыцці, не ўціснеш у нейкія рамкі.

 

Усё тое, што выходзіць за межы “нармальнасці”, за межы адносін “нармальных” жанчын і мужчын, усё тое, што не ўкладаецца ў рамкі патрыярхальнай гетэрасексуальнай большасці, у яе нормы, схемы, правілы паводзін, стэрэатыпы ўспрымання, называюць “квір” (queer ).

 

Пачаткова на Захадзе “квір” было абразлівай назвай ЛГБТ-людзей. Аднак, з часам гэты тэрмін трансфармаваўся. Зараз з упэўненасцю можна сцвярджаць, што гэтае слова мае палітычную афарбоўку. Да катэгорыі “квір” можна аднесці ўсіх, хто ідзе насуперак грамадству: дысідэнтаў, інтэлігентаў, анархістаў, хіпі, паслядоўнікаў розных этнакультур і, канешне, феміністак. Чаму канешне?

 

Вось як на гэтае пытанне адказвае кандыдат філасофскіх навук Альгерта Харытонава (Масква):

 

“…У першую чаргу феміністак. Канешне, калі яны сапраўды хочуць змяніць патрыярхальнае грамадства, у якім уяўленні пра гендэр, прыналежнасці да мужчынскага ці жаночага полу, аб сэксуальнай ідэнтычнасці застаюцца найбольш кансерватыўнымі. І менавіта па гэтых пытаннях іншыя, нетрадыцыйныя ўяўленні, не прызнаюцца”.

 

Квір-культура прапануе бачыць і цаніць у чалавеку індывідуальнасць, не навешваць цэтлікі, а проста жыць у гармоніі з сабой і навакольным светам.

 

align=”left” >На жаль, пра квір у нашым грамадстве кажуць мала, як і недастаткова асвятляюцца прабемы ЛГБТ-супольнасці ды фемінісцкія ініцыятывы. Таму адным з самых значных мерапрыемстваў мінскага гей-прайда можна з упэўненасцю назваць канферэнцыю “Квір-сэксуальнасць: палітыкі і практыкі”, дзе арганізатары паспрабавалі стварыць дыскусійную пляцоўку для аналіза ды асэнсавання працэсаў канструіравання сэксуальнасці ў нашым грамадстве.

 

Ці атрымалася такая пляцоўка? Хутчэй так. Агучванне праблем вельмі важнае, тым больш у Беларусі, дзе гамафобія існуе амаль на дзяржаўным узроўні.

 

Беларусь увайшла ў дзясятку горшых краін Еўропы па становішчы сэксуальных меншасцяў. Мала таго, у нашай краіне назіраецца нецярпімасць да прадстаўнікоў сэкс-меншасцяў. Згодна з афіцыйнымі дадзенымі, у 2004 годзе ў негатыўным стаўленні да іх прызналіся 47% насельніцтва, а ў 2010 годзе — ужо 60%.

 

Квір-тэматыка мала асветленая ў СМІ, няшмат яе і ў навуковых працах. Але квір-даследванні ў заходніх універсітэтах – справа рэспектабельная. Такія працы атрымліваюць падтрымку ад прыватных і дзяржаўных фондаў. Студэнты, якія наведваюць семінары па квір-тэматыцы, не заўсёды з’яўляюцца носьбітамі “альтэрнатыўнай ідэнтычнасці” або эксперыментуюць з ёй.

 

Згодна з заходнім уяўленнем аб дэмакратыі, кожная сацыяльная група павінна быць прадстаўлена ў культуры, у тым ліку і акадэмічнай. У некаторых выпадках чалавек з першых хвілін знаёмства можа заявіць пра сваю “нетрадыцыйную арыентацыю” – не ў якасці эпатажу ці правакацыі, а выключна каб “расставіць кропкі над і”, каб сваю далейшую камунікатыўную стратэгію з ім вы маглі выбудоўваць больш карэктна, зыходзячы з поўнага разумення сітуацыі.

 

Там жа, на Захадзе, мастацкі працэс немагчымы без такога складніка, як квір-праблематыка. Але ў Расіі, а тым больш у Беларусі, гэтыя пытанні застаюцца нябачнымі не толькі ў мастацкай, але і наогул у публічнай прасторы. Гэтую справу таксама закраналі на міжнароднай квір-канферэнцыі ў Мінску.

Дыега Вергес, Queeraграфія 

 

У Санкт-Пецярбурзе ўжо які год запар праходзіць Міжнародны фестываль ў падтрымку правоў ЛГБТ “Квірфэст”, мэта якога – зрабіць бачным нябачнае з дапамогай мастацтва, навучыць людзей паважаць адрозненні, гендэрную разнастайнасць, а таксама быць сапраўды талерантнымі, то бок цярпімымі.

Вольга Ахмеццева, Праект “Хлопчыкі”

 

Гэта дасягаецца пры дапамозе розных арт-імпрэзаў, сярод якіх выстава “Queerаграфія” – збор фотаздымкаў, калажаў, відэа-і фотафільмаў, у якіх аўтары ад першай асобы выказваюцца на тэмы маргінальнасці і сацыяльнай выключанасці. Напрыклад, “Хлопчыкі” Вольгі Ахмеццевай паказваюць мужчын па-за стэрэатыпамі паводзін. Цікава, што ў 2011 годзе яе выстава была забароненая, бо такія незвычайныя мужчынскія партрэты вызвалі большае абурэнне, чым фатаграфіі з гей-прайда, размешчаныя побач.

 

Вось так, невялічкімі крокамі, пачынаецца і ў нас шлях да разумення і талерантнасці ў гэтай досыць складанай праблеме.

 

     
  Меркаванне аўтара можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі  
     

 

Першая ілюстрацыя: Yassen ZZ Sgyrovski, The queer trash