У інтэрнэце збіраюць подпісы супраць «бардэля «Бульбашъ-Хол» у Курапатах

Ліст адрасаваны старшыні Мінаблвыканкама Барысу Батуру, міністру культуры Паўлу Латушку і Генпракурору Аляксандру Канюку.

 

«Вы можаце ўявіць, напрыклад, «Маскаль-хол» на Салаўках? Ці «Хахол-хол» у Бабіным Яры ва Украіне? Расейцы і ўкраінцы, хутчэй за ўсё, палічылі б такога кшталту назвы абразлівымі для сваіх народаў.

 

Дзіўна, але ў Мінску такімі маральна-этычнымі пытаннямі пераймацца не сталі. І вырашылі ўзвесці на тэрыторыі ўрочышча Курапаты, дзе ў гады сталінскіх рэпрэсій былі расстраляныя і пахаваныя дзясяткі тысяч людзей… забаўляльны цэнтр пад назвай «Бульбаш-хол».

 

Да забаўляльнай установы цяпер актыўна падводзяць падземныя камунікацыі — водаправод, каналізацыю, электрычныя і тэлефонныя кабелі… Не выключана, што пры гэтым могуць патрывожыць брацкія магілы.

 

Мы патрабуем спыніць будаўніцтва бардэля з абразлівым для беларускай нацыі назвай «Бульбаш-хол» на месцы ўрочышча Курапаты,

якое афіцыйна прызнанае гісторыка-культурнай каштоўнасцю.

 

Мы таксама патрабуем прыцягнуць да адміністратыўнай і крымінальнай адказнасці замоўцу будаўніцтва СТАА «БелРэстІнвест», арганізацыю «Наша рэстаранная група», ААТ «Белнаватэкс груп» і адказных службовых асобаў, якія дапусцілі будаўніцтва гэтага аб’екта».

 

Падпісаць петыцыю можна тут.

 

Ініцыятыва «Стоп Бульбашъ-хол!» з’явілася і ў Фэйсбуку.