“Людзі кажуць, што немцы ўз’ядналі Беларусь”

|

Сутнасць інтэрнэт-праекта ў тым, каб захаваць вусныя ўспаміны як мага большай колькасці жывых сведкаў гістарычных падзей на Беларусі. Адметнасцю з’яўляецца тое, што відэа- і аўдыязапісы, зробленыя гісторыкамі, даступныя цяпер кожнаму.

 

“Міжваеннае пакаленне сыходзіць – застаюцца адзінкі”, – адзначыў у час сустрэчы архівіст з Мінску Анатоль Вялікі. Прысутнічалі таксама аўтары праекта: прафесар Алесь Смалянчук, архівіст Вольга Іванова, а вось каардынатарка Ірына Кашталян з Мінску, на жаль, прыехаць так і не змагла.

 

Адной з ключавых тэм праекта з’яўляецца 1939 год у свядомасці беларусаў, як усходніх, так і заходніх. З гэтым непасрэдна звязаная і геаграфія даследванняў – былыя памежныя тэрыторыі: Лунінецкі, Жыткавіцкі раёны і г.д.

 

“Святкуючы 17 верасня мы святкуем пачатак ІІ Сусветнай Вайны […] бо гэта не беларусы чагосці дамагліся, а Молатаў з Рыбентропам дамову падпісалі”, – меркаванні гісторыкаў часам разыходзіліся з афіцыйнай трактоўкай падзей.

 

Сярод іншага Алесь Смалянчук адзначыў, што дзе-нідзе старажылы наўпрост кажуць: “Беларусь уз’ядналі немцы”, бо мяжа канчаткова знікла толькі ў 1941 годзе. Нават пасля падзей верасня 1939 года з Усходняй Беларусі ў Заходнюю, да сваякоў з суседняй вёскі, чалавек мог патрапіць толькі па адмысловых прапусках, якія выдаваў НКУС…

Пасля заканчэння прэзентацыі прысутныя атрымалі адмысловыя буклеты і дыскі з запісамі ды напрацоўкамі гісторыкаў.

 

Фота Надзеі Крапівінай