“Нёман” у хатнім матчы перамог чэмпіёна Беларусі па хакеі

|

Два дні таму “Нёман” пацярпеў паразу ад Гомеля, таму адступаць не было куды. Тым больш, что трыбуны Лядовага палаца былі забіты заўзятарамі.

 

Ужо на трэцяй хвіліне сустрэчы абаронца гасцей “зрэзаў” шайбу ў сетку сваёй брамы пасля прастрэлу Лісічкіна. Безумоўна, шайбу запісалі нападніку “Нёмана”. Другі раз чырвонае святло за спіной брамніка “Металурга” гарадзенцы запалілі на чацвёртай хвіліне, але ўжо другога перыяду. Чэшскі легіянер выцаліў верхні вугал – і брамнік каманды са Жлобіна нічым не дапамог сваёй камандзе. На гэтым важныя падзеі ў матчы не скончыліся.

 

Спачатку гульцы вырашылі яшчэ вышэй падняць градус сустрэчы і сышліся ў кулачным супрацьстаянні. Абаронца “Нёмана” Багалейша не пакінуў ніякіх шанцаў на перамогу Каштанаву, нападніку “Металурга”. Стальныя ваўкі, так клічуць каманду яе заўзятары, не думалі здавацца нават пры такім ліку на табло. Спачатку скарыстаўся сур’ёзнай памылкай абаронцаў Павел Дашкоў з “Металурга”, а ўжо ў апошняй трэці гульні “злы геній” “Нёмана” зусім параўняў лік. Вядома, псіхалагічная перавага ў такім выпадку на баку каманды, якае даганяе. Але хакеісты “Нёмана” пайшлі супраць правіл і вырвалі перамагу на апошніх хвілінах. Такую жаданую і доўгачаканую для заўзятараў перамогу прынёс кідок абаронцы Яна Хомера. 3:2 – такі лік зафіксавала на табло фінальная сірэна.

 

Пасля матча галоўны трэнер гаспадароў Дзмітрый Краўчанка пракаментаваў гульню:

 

– Матч выдаўся выдатным з усіх бакоў. Я ўдзячны хлопцам. Мы можам згуляць добра паўтары перыяды, але каб вось так, усе 60 хвілін поўнасцю быць сканцэнтраванымі да канца… З камандамі-лідарамі гэта не ўдавалася. Сёння я ўдзячны сваім гульцам, што выцерпелі на працягу ўсёй гульні, адпрацавалі кожны кавалак матча. Таксама я хачу падзякаваць заўзятарам за добрую падтрымку”.

 

 

Гэта перамога можа стаць такім добрым каталізатарам як для самой каманды, так і для людзей, якія яе падтрымліваюць на матчах. Падобна на тое, што крызісны час застаўся ў мінулым. У турнірнай табліцы яшчэ ёсць куды імкнуцца. Але перамога над чэмпіёнам дадае ўпэўненасці ў сваіх сілах і самім гульцам, чаго яны і не хаваюць. Наперадзе каманду чакаюць некалькі дзён адпачынку – і зноў за працу.

 

Фота: Яраслаў Ванюкевіч