Як спаскудзіць добрую ідэю на дзяржаўным узроўні
Першы нацыянальны музейны форум “Музеі Беларусі” праходзіў у Гародні з 12 па 14 кастрычніка 2012 года. Праводзіўся ён нібыта дзеля таго, каб прааналізаваць сённяшні стан музейнай справы, а таксама яе патэнцыял і перспектывы, пазнаёміць музеі з сучаснай тэхнікай для выкарыстання яе ў экспазіцыях і г. д.
Такім чынам, найперш добрую ідэю трэба згенераваць. Дзякуючы светлым галовам нашых міністраў – такім, як у Паўла Паўлавіча Латушкі – гэта зрабіць не надта складана. Паехалі далей.
1. Каму даверыць праводзіць?
Натуральна, якому-небудзь абласному цэнтру. Бо Менск, маючы рознага кшталту рэсурсы і вялікі досвед правядзення мерапрыемстваў можа справіцца без праблем, а вось абласны цэнтр няхай парыпіць ды папыхціць.
2. Дзе праводзіць?
Напрыклад, у цэнтральным спартыўным комплексе горада. Выкажам меркаванне, што сярод аматараў спорту небагата музейных аматараў, што ў нашай справе (спаскудзіць ідэю) вельмі важна. Спартсмены блытаюцца пад нагамі ўдзельнікаў, удзельнікі – пад нагамі спартсменаў… Прыгажосць!.. І яшчэ: ні ў якім выпадку не ляпіце на сцены ЦСК указальнікі: чым менш не-спартсменаў знойдзе месца правядзення форуму – тым лепш.
3. Як заблытаць удзельнікаў яшчэ на стадыі падрыхтоўкі?
Па-першае, скажыце ім, што вышыня экспазіцыі будзе не 2,5 метры, а 2. Во смеху будзе, калі яны пачнуць бегаць у пошуках драпіроўкі для лішніх 50 см!
Па-другое, паведамце ім, што перад камісіяй кожны музей будзе прэзентавацца 30 хвілін. Потым паведамце, што 10. Потым – 2. Няхай дзякуй скажуць, што не ў адваротным парадку.
4. Дзе рассяліць удзельнікаў?
Музейшчыкаў з абласных цэнтраў можна пасяліць у неблагія гатэлі. А вось не надта патрабавальных удзельнікаў з раёнаў – у студэнцкі інтэрнат, які калісьці быў неблагім гатэлем, але сёння ад яго тут засталася толькі шыльда ля ўвахода ды высокія кошты (Br 86 000 – 150 000 за месца на суткі). Каб салодкім не здавалася жыццё, пажадана, каб сіфонілі холадам усе магчымыя адтуліны ў пакоі, каб цякло са столі, калі нехта вышэй паверхам мыецца. Гэта не кажучы ўжо пра перакошаны ўнітаз ды сцёкавую дзірку ў падлозе замест ванны.
5. Дзе карміць удзельнікаў?
Можна прапанаваць недарагія і нясмачныя абеды ў суседняй з ЦСК рэстарацыі. Ды без буфета ўсё адно не абысціся. Буфет у ЦСК мусіць быць толькі адзін. Няхай там у час абеду будуць кіламетровыя чэргі. Няхай удзельнікі і госці з-за недахопу сталоў будуць мясціцца на падваконнях і прыступках, у вузкіх калідорчыках побач з прыбіральнямі. Вось вам за тое, што не пайшлі есці ў рэстарацыю недарагія і нясмачныя абеды!
6. Як арганізаваць забаўляльную праграму для ўдзельнікаў?
Сустрэць гасцей з кожнага музея яшчэ ў гатэлі і запытаць, колькі чалавек пойдзе ў мясцовы тэатр. Запісаць колькасць і толькі потым папярэдзіць, што ўсё гэта – за іх кошт.
7. Як праводзіць форум?
Ні ў якім выпадку не папярэджвайце ўдзельнікаў, што сваю відэапрадукцыю не абавязкова круціць з 10 да 18 гадзін на поўную гучнасць. Пасля таго, як яны выйдуць з ЦСК з квадратнымі галовамі, пытанне паходу ў тэатр за свой кошт адпадзе само сабой: будзе ўжо не да тэатраў.
Раздайце ўдзельнікам праграмы форуму. Час мерапрыемстваў, адзначаных у праграме, будзе змяняцца, але вы аб гэтым нікога не папярэджвайце. Няхай музейшчыкі самі пабегаюць з аднаго канца ЦСК ў другі, каб паглядзець, які музей зараз паказвае сваю дэманстрацыйную праграму. Не дарма ж экспазіцыі размясцілі паабапал бегавых дарожак!
Не абмяжоўвайце музейных супрацоўнікаў у фармаце дэманстрацыйных праграм і прэзентацый сваіх музеяў. Няхай недарэчны лубок з беларускіх сцэн перавандруе і сюды. Ёсць тыя, каму і гэта прыйдзецца даспадобы. Астатнія ж хай паламаюць галовы: чым жа вясковы клубны работнік адрозніваецца цяпер ад навуковага супрацоўніка ў музеі?
8. Як узнагароджваць?
Пакінем гэты пункт на сумленні журы.
9. Як прыгожа скончыць?
Высокапастаўленыя асобы мусяць сказаць пра арганізацыю форуму і пра дасягнутыя мэты шмат прыгожых словаў. Якія, тым не менш, так і не дадуць адказаў на пытанні ўдзельнікаў “Што ж гэта было?” і “Дзеля чаго/каго ўсё рабілася?”.
Усе адзначаныя хібы – толькі тое, што бачыла на свае вочы аўтарка гэтых радкоў, якая прысутнічала на форуме ў складзе групы ўдзельнікаў ад аднаго з музеяў Гомельскай вобласці. Але можна ўявіць патэнцыйны маштаб гэтых хібаў. Зрэшты, як бачым, спаскудзіць добрую ідэю – справа няхітрая, і звычайна нашыя гора-арганізатары без цяжкасцяў з ёй спраўляюцца.
Здымкі аўтаркі