Не чапляйце дзецям цэтлікі…

Усе дзеці вельмі розныя, але ўсе яны маюць патрэбу ў нашым каханні, клопаце і пяшчоце: і ціхоні, і гарэзы. Часам дзіця не можа доўга сядзець на адным месцы, яно мітусіцца, шмат размаўляе, капрызнічае, раздражняе сваімі паводзінамі. Такому дзіцяці прычапляюць цэтлікі: «нявыхаваны», «распешчаны» ці «хуліган». Але на самой справе гэта не так. Хутчэй за ўсё яно адносіцца да катэгорыі гіперактыўных дзяцей.

Сама прыстаўка «гіпер» азначае перавышэнне нормы. Чаму так атрымліваецца, у навукоўцаў пакуль няма адзінага меркавання, але з’яўленне гіперактыўнага дзіцёнка ў групе дзіцячага садка ці класе, з першых жа хвілін ускладняе жыццё ўсяго калектыву. Бацькі, не спяшаецеся адчайвацца, бо гэта можна выправіць. Адзін з варыянтаў – запісаць дзіця ў секцыю ці гурток, дзе выкладчыкі дапамогуць дзіцёнку выкарыстоўваць лішнюю актыўнасць у правільным накірунку.

– Да кожнага дзіця патрэбен асабісты падыход, – кажа Яўгенія Усеваладаўна Багаслоўская, намесніца дырэктара Цэнтра Пазашкольнай Працы «Прамень». – Гіперактыўных дзяцей ні ў якія рэзервацыі не аб’ядноўваем. Гэта такія ж дзеткі як і ўсе, а нашыя педагогі ведаюць, як усталяваць з імі зносіны. Педагогі даюць ім магчымасць «выкінуць лішнюю актыўнасць і энэргію ў творчасць, выкарыстоўваючы у час занятку моманты гульні, дзе дзеткі могуць пабегаць і пакрычаць.

На дадзены момант ЦПП «Прамень» налічвае 250 гурткоў розных напрамкаў дзіцячай творчасці: і спартыўна-аздараўлляльныя, і эколага-біялагічны, і тэхнічныя. Цэнтр па магчымасці імкнецца задавальняць патрэбы, але часам гэта залежыць ад наяўнасці спецыялістаў.

У Кастрычніцкім раёне цэнтр «Прамень» мае яшчэ 9 дзіцячых пакояў, дзе працуюць гурткі і педагогі-арганізатары, якія вывучаюць патрэбы і запыты дзяцей у мікрараёнах. Як жа правільна абраць гурток? Па-большасці гэта залежыць ад бацькоў, ад іх назіральнасці. У кожнага маленькага чалавечка з ранняга дзяцінства фарміруецца зацікаўленасць да чагосьці. Калі дзіця разбірае гадзіннік, то магчыма ў яго жаданне нешта канструяваць, а калі дзіця пераўвасабляецца перад люстэркам, то яго трэба аддаваць у тэатральны гурток.

– Часам здараецца і так, што дзіця не ведае, чаго яно хоча, тады яму дапамагаюць псіхолаг і сацыяльны педагог. Яны паказваюць, чым займаюцца ў адпаведным накірунку, паказваюць пакоі, знаёмяць з педагогамі. Так дзіцю прасцей сарыентавацца, – тлумачыць Яўгенія Усеваладаўна. – Зараз у нас вельмі запатрабаваныя студыі выяўленчага мастацтва, нават не ведаю, чым гэта растлумачыць. Гродна – горад мастакоў.

Таму не спяшайцеся лаяць вашага гарэзу, бо акрамя крыўды і сапсаваных нэрваў усё роўна нічога не атрымаецца. Прымайце сваіх дзетак такімі, якія яны ёсць. А калі дзіця будзе займацца ў нейкім гуртку, то і ў вас з’явіцца вольны час і магчымасць адпачыць, і ў яго будзе чым заняцца. Часцей хваліце яго высілкі, нават калі яны далёкія ад дасканаласці і вашае дзіцё абавязкова вас усцешыць!

Юля Катаржынская

Фота http://www.fotodeti.ru