Андрэй Чарнякевіч адмовіўся ад прэміі Ядкоўскага
Галоўны фаварыт ўзнагароды, звольнены напрыканцы верасня з Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэту дацэнт Андрэй Чарнякевіч, адмовіўся ад прэміі. Сваё рашэнне гісторык патлумачыў палітызаванасцю ўзнагароды.
Прэмію імя Юзафа Ядкоўскага гарадзенская інтэлігенцыя ініцыявала некалькі тыдняў таму.
Узнагарода была заснаваная дзеля падтрымкі навукоўцаў і прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі, працы якіх сталі важным унёскам у вывучэнне мінулага Горадні.
Фаварытам прэміі ад пачатку лічыўся гісторык Андрэй Чарнякевіч, адзін з суаўтараў кнігі “Гродназнаўства”, што пабачыла свет у кніжнай серыі “Гарадзенская Бібліятэка”, і шэрагу іншых выданняў, якія здабылі папулярнасць у гарадзенцаў. Кніга прыйшлася недаспадобы мясцовым ідэолагам, якія ўгледзелі ў ёй крамолу: нацыянальную сымболіку і адсутнасць узгадкі пра першага прэзідэнта Беларусі. Кнігу канфіскоўвалі з кнігарняў і бібліятэк.
Днямі у Горадні адбылося паседжанне рады прэміі. Падчас сустрэчы было абвешчана, што Андрэй Чарнякевіч адмовіўся ад узнагароды, абвінаваціўшы сяброў рады ў тым, што падчас выбару пераможцы яны кіраваліся не навуковымі, а палітычнымі крытэрамі.
Гэтую інфармацыю пацьвердзіў у інтэрв’ю нашаму радыё адзін з заснавальнікаў прэміі імя Юзафа Ядкоўскага, прафесар Алесь Смалянчук.
А. Смалянчук: Няпроста складваецца сытуацыя з гэтай ўзнагародай, уплываюць на гэта розныя абставіны. Не апошнюю ролю адыгрывае і тое, што людзі проста баяцца. Баяцца за сваю працу, за сваю будучыню. Людзі вельмі запалоханыя.
У тэлефоннай размове Андрэй Чарнякевіч пацьвердзіў, што адмовіўся ад прэміі.
А. Чарнякевіч: Я проста прапанаваў больш аб’ектыўныя крытэры адбору. Вельмі важна, каб гэтая прэмія мела навуковы характар, каб яна не палітызавалася яшчэ болей, чым уся гэтая гарадзенская сітуацыя.
Гэта будзе карысна і мне, і ўвогуле грамадству, каб мы пазбягалі гэтых радыкалізмаў. Мне падалося, што атрымаць прэмію толькі за тое, што цябе звольнілі з працы, трошкі недарэчна.
Кожны іншы раз я быў бы ўдзячны паўдзельнічаць у такім конкурсе. Буду намагацца даць яшчэ нагоду, прычым станоўчую, а не скандальную.
Аднак у палажэнні прэміі напісана, што яна даецца ў тым ліку і за грамадзянскую пазіцыю. Дарэчы, за грамадзянскую дзейнасць быў рэпрэсаваны і патрон прэміі Юзаф Ядкоўскі, які з-за пераследу быў вымушаны пакінуць горад.
Патлумачыць сітуацыю вакол узнагароды мы папрасілі сябру рады прэміі Ядкоўскага прафесара Алеся Краўцэвіча, які быў галоўным прыхільнікам узнагароджання Андрэя Чарнякевіча. Гарадзенскі гісторык быў моцна расчараваны рашэннем свайго калегі.
А. Краўцэвіч: Маштаб акцыі значна перарос маштаб асобы.
Звальненне Андрэя Чарнякевіча выклікала вялікую хвалю салідарнасці як у Горадні, так і ва ўсёй Беларусі.
Алесь Краўцэвіч і Алесь Смалянчук выступілі з адкрытым лістом да міністра адукацыі Сяргея Маскевіча і кіраўніцтва Гарадзенскага ўніверсітэта, у якім патрабавалі аднаўленьня дацэнта на працы.
Пад лістом падпісалася больш за 400 чалавек: выкладчыкі ўніверсітэтаў, навуковая супольнасць, звычайныя гарадзенцы сабралі для ляўрэата грашовую ўзнагароду, ад якой ён таксама адмовіўся.
Дарэчы, як ўдалося даведацца нашаму радыё, Андрэй Чарнякевіч быў не адзінай асобай, якая адмовілася ад прэміі: “палітызаванасці” ўзнагароды імя Ядкоўскага пабаялася яшчэ некалькі патэнцыйных ляўрэатаў.